У Беларусі закрыліся прыватныя дамы састарэлых. Што прапануюць улады?

У Беларусі з 1 кастрычніка зачыніліся прыватныя дамы састарэлых — цяпер ім трэба мець ліцэнзію, каб працаваць. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны расказала, што зараз рабіць пастаяльцам гэтых пансіянатаў. Адзін з варыянтаў — аддаць сваё жыллё за догляд ад дзяржавы. 

01.10.2024 / 09:36

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пералічыла наступныя варыянты для пастаяльцаў закрытых прыватных пансіянатаў і іх родных (пакуль толькі адзін з прыватнікаў змог атрымаць ліцэнзію).

— Дзяржаўныя сацыяльныя пансіянаты або прыватныя з ліцэнзіяй.

— Паслугі сацыяльнага работніка. 

Яны даюцца непрацаздольным грамадзянам пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў. Могуць аказвацца бясплатна, а таксама на ўмовах частковай альбо поўнай аплаты. 

— Паслугі сядзелкі. 

Права на аказанне такіх сацпаслуг маюць непрацаздольныя грамадзяне пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў для аказання паслуг сядзелкі. Яны аказваюцца на ўмовах поўнай або частковай аплаты, ад 10 да 40 гадзін у тыдзень. У выпадку шпіталізацыі сядзелка можа наведваць пажылога чалавека ва ўстанове аховы здароўя.

— Доўгачасовы догляд. 

Асноўная задача — максімальна падоўжыць знаходжанне пажылых людзей, якія маюць патрэбу ў доглядзе, у звыклым хатнім асяроддзі.

— Рэнта. 

Дагавор пажыццёвага ўтрымання, па якім грамадзянін перадае жылое памяшканне ва ўласнасць дзяржавы, а дзяржава абавязваецца ажыццяўляць пажыццёвае ўтрыманне.

Такі дагавор заключаецца з пажылымі людзьмі, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту і якія не маюць сваякоў, абавязаных па законе іх утрымліваць. 

— Замяшчальная сям'я. 

Гэта форма ўладкавання непрацаздольнага грамадзяніна ва ўмовах сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі з асобай, якая не з'яўляецца блізкім сваяком. Такія паслугі можа аказваць няродная сям'я або адзін чалавек, пры гэтым адносіны не будуць закранаць маёмасныя пытанні.

Nashaniva.com