Абвінавачанага ў замаху на Захара Прылепіна асудзілі да пажыццёвага зняволення
Вайсковы суд у Расіі прысудзіў да пажыццёвага тэрміна Аляксандра Пермякова, абвінавачанага паводле справы аб замаху на расійскага пісьменніка і ўдзельніка вайны супраць Украіны Захара Прылепіна. Прызначыць такое пакаранне Пермякову прасіла пракурор, піша Бі-бі-сі.
30.09.2024 / 14:29
Аляксандр Пермякоў. Фота: Медыязона
6 мая 2023 года ў Ніжагародскай вобласці выбухнуў аўтамабіль Прылепіна. Яго ахоўнік Аляксандр Шубін загінуў на месцы, а сам пісьменнік атрымаў сур'ёзныя раненні. Следчы камітэт Расіі распачаў тады справу аб тэракце.
Пермякоў быў адзіным абвінавачаным. Паводле версіі следства, у 2022 годзе ён, знаходзячыся ва Украіне, атрымаў указанні аб падрыве аўтамабіля Прылепіна і заехаў у Расію праз Латвію.
Сам Прылепін адмовіўся ўдзельнічаць у спрэчках і папрасіў прызначыць Пермякову пакаранне згодна з заканадаўствам.
Абвінавачаны ў спрэчках выказвацца не стаў, падчас судовага следства ён таксама адмовіўся ад дачы паказанняў. Следства заяўляла, што пасля затрымання ён прызнаўся, што здзейсніў злачынства па заданні ўкраінскіх спецслужбаў.
Сястра Пермякова на допыце распавядала, што яшчэ ў школьныя гады ён быў асуджаны ва Украіне паводле артыкулаў аб хуліганстве і разбоі, а ў 2015 годзе ваяваў на баку самаабвешчанай ДНР.
Увесну 2022 года, са слоў сястры, ён пераехаў у Хмяльніцкую вобласць Украіны «як перасяленец». Сваю паездку ў Расію ён патлумачыў сваячцы тым, што хацеў «зарабіць і быць далей ад вайны».
Служба бяспекі Украіны адмаўлялася казаць пра дачыненне або недатычнасць да замаху на Прылепіна — як гэта амаль заўсёды робяць спецслужбы ў падобных выпадках.