86-гадовую пенсіянерку ў Германіі высяляюць з дома. Суседзі данеслі, што яна карміла птушак

Барбара Фрэйдэнберг ужо 58 гадоў жыве ў аднапакаёвай кватэры ў панэльным доме ў Дрэздэне. Яна засталася адна з кошкай Лунай, піша Bild.

30.09.2024 / 12:50

Ілюстрацыйнае фота

«Быць адной нядобра. Таму я карміла птушак, — кажа немка. — Птушачкі дастаўлялі мне шмат радасці, я не хацела нікога хваляваць».

З мая 2020 года пенсіянерка стала атрымліваць пісьмовыя «папярэджанні з-за небяспекі для ўсіх жыхароў дома». Хтосьці з суседзяў стаў складаць падрабязныя скаргі з пратаколам назірання за тым, як жанчына раскідвала корм для птушак на лужку перад домам. Былі пазначаны дата, час і выгляд корму.

Ананім абвінаваціў Барбару ў тым, што кармленне птушак забаронена правіламі ўнутранага распарадку дома і прыводзіць да нашэсця пацукоў. Жанчына гатовая была адмовіцца ад хобі, але жыллёвы кааператыў даслаў ёй апавяшчэнне аб высяленні і падаў адпаведнае хадайніцтва ў суд. 

«Напэўна, я б аказалася ў прытулку для бяздомных. Я была напалоханая да вар'яцтва», — кажа Барбара.

Яна патраціла частку зберажэнняў на адвакатаў, каб абараніць сябе. У выніку за два дні да высялення суд пастанавіў адкласці яго да канца года праз пагрозу здароўю пенсіянеркі. Ёй таксама загадалі больш не карміць птушак.

Nashaniva.com