У Мінску гуляюць у незвычайную «Мафію». Чалавек, які вылятае, сапраўды правальваецца ў прорву
Гульню ў такім фармаце арганізуе адна з мінскіх студый. Самі правілы стандартныя: ёсць мафія, мірныя жыхары і яшчэ некалькі герояў — трэба зразумець, хто ёсць хто, піша Onliner.by.
30.09.2024 / 12:22
Але ўдзельнік у прамым сэнсе вылятае з гульні. Калі быць дакладней, то падае з крэсла кудысьці ў бездань. Выглядае гэта так.
Журналісты пагутарылі з арганізатарам гульні Аляксандрам. У Мінску, са слоў суразмоўцы, гульню з падаючымі крэсламі праводзіць толькі «Мафія VIP». Працуе студыя па франшызе.
А вось галоўны сакрэт — куды ж падаюць удзельнікі? — не раскрылі. Патлумачылі гэта тым, што так губляецца інтрыга для новых гульцоў. Затое запэўнілі, што ўсё бяспечна.
— Мы працуем ужо 5 гадоў, нашы філіялы знаходзяцца ў 4 краінах і 18 гарадах. За ўвесь час траўмаў не было.
Дарэчы, удзельнік, які выпаў, пасля падзення можа вярнуцца ў залу і назіраць за ходам гульні. Таксама пішуць, што гуляць можна цяжарным ці людзям з асаблівасцямі здароўя. У такім выпадку з крэсла скідаць не будуць, але трэба загадзя папярэдзіць адміністратара.
У правілах гульні таксама пазначана, што да ўдзелу дапускаюцца каманды з 8—12 чалавек. Калі патрэбную колькасць людзей сабраць не атрымалася, то можна знайсці ўдзельнікаў у спецыяльным чаце ў тэлеграме.
Каштуе гульня 40 рублёў за гадзіну з аднаго чалавека, а прыехаць пагуляць можна кругласутачна — трэба толькі забраніраваць залу мінімум за 2 гадзіны. Дарэчы, гуляць могуць не толькі дарослыя, але і дзеці з 10—12 гадоў у суправаджэнні бацькоў.