Беларус змяніў прозвішча і змог абысці забарону на ўезд у Польшчу

Але яго ўсё роўна затрымалі і дэпартавалі.

30.09.2024 / 11:40

Раней мужчына быў унесены ў спіс асоб, чыё знаходжанне ў Польшчы з'яўляецца непажаданым. Аднак у Беларусі ён змяніў прозвішча, зрабіў новы пашпарт і такім чынам двойчы змог атрымаць польскую візу. Таксама ён двойчы перасякаў польска-нямецкую мяжу, карыстаючыся адсутнасцю памежнага кантролю, паведамляе Most.

Падман выявіўся 24 верасня, калі беларус спрабаваў вылецець з аэрапорта Катавіцы-Пыжовіцы ў турэцкую Анталлю. Яму прад'явілі крымінальныя абвінавачванні ў тым, што ён з мэтай атрымання візы ўвёў у зман супрацоўніка консульства Польшчы, двойчы нелегальна перасек польска-нямецкую мяжу і спрабаваў нелегальна перасекчы мяжу ў Катавіцкім аэрапорце.

Камендант аддзялення памежнай службы ў Катавіцах-Пыжовіцах выдаў беларусу пастанову пакінуць Польшчу, а таксама забараніў яму ўезд у краіны Шэнгенскай зоны на тры гады. Мужчыну пад канвоем даставілі на мяжу і перадалі беларускаму боку.

Nashaniva.com