Узламалі сайт Белтэлерадыёкампаніі і апублікавалі фэйкавы ўказ Лукашэнкі пра падтрымку мігрантаў

На сайце Белтэлерадыёкампаніі апублікавалі фэйкавы ўказ Аляксандра Лукашэнкі «Аб сродках падтрымкі мігрантаў у прыгранічных абласцях РБ». У абгрунтаванні «дакумента» гаворыцца, што гэта «адказ на апошнюю хвалю чарнаскурых бежанцаў, якая захліснула нашу краіну».

30.09.2024 / 10:31

Указ апублікаваны ў раздзеле «Рэкламныя навіны». У ім гаворыцца, што прадпрымальнікі транспартнай галіны павінны перадаць свой транспарт дзяржаўным органам на працягу 7 дзён з дня прызыву.

Уладальнікі дамоў і кватэр таксама абавязаны даць іх абласным органам улады на працягу 7 сутак з дня прызыву, гаворыцца ў фэйкавым дакуменце.

На сайце прыводзіцца і абгрунтаванне такіх жорсткіх мер. «Па словах кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыя Крутога, гэтыя пастановы з'яўляюцца адказам на апошнюю хвалю чарнаскурых бежанцаў, якая захліснула нашу краіну. Указ прадугледжвае частковую рэквізіцыю транспартных сродкаў і жылых памяшканняў. Мы будзем трымаць вас у курсе далейшых крокаў у гэтым пытанні», — гаворыцца на сайце.

Nashaniva.com