Новым кіраўніком «Хезбалы» стаў стрыечны брат Насралы
СМІ адзначаюць дзіўнае падабенства былога і новага лідараў групоўкі: яны падобныя фігурай, знешнасцю і нават лёгкай шапялявасцю.
30.09.2024 / 10:19
Фота: Wikimedia Commons
Ліванская тэрарыстычная групоўка «Хезбала» абрала новым генеральным сакратаром арганізацыі Хашэма Сафі ад-Дзіна, перадаюць арабскія СМІ. Сама групоўка пра новага лідара не паведамляла, піша Расійская служба Радыё Свабода.
Ад-Дзіну — 60 гадоў. Ён адзін з сузаснавальнікаў «Хезбалы», займаў пасаду кіраўніка выканаўчага камітэта. Ад-Дзіна называюць кіраўніком спраў «Хезбалы». Да абрання кіраўніком групоўкі ён загадваў у ёй фінансавымі пытаннямі. Ад-Дзін з 2017 года знаходзіцца ў спісе тэрарыстаў ЗША.
Па матчынай лініі ад-Дзін стрыечны брат загінулага лідара «Хезбалы» Хасана Насралы і зяць былога камандуючага аднаго з падраздзяленняў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі Касема Сулеймані, які загінуў пры Амерыканскім авіяўдары ў Іраку ў пачатку 2020 года.
Al Ghad адзначае дзіўнае падабенства былога і новага лідараў групоўкі: яны падобныя фігурай, знешнасцю і нават лёгкай шапялявасцю.
Лідар «Хезбалы» Хасан Насрала загінуў 27 верасня ў прыгарадзе Бейрута ў выніку атакі ізраільскай авіяцыі. Паводле звестак Le Parisien, інфармацыю аб знаходжанні Насралы Ізраілю перадаў іранскі агент, укаранёны ў групоўку.