Прыватны сектар уздоўж Арлоўскай у Мінску заменяць шматпавярховікі

Тэрыторыя ў межах вуліцы Шчадрына, Арлоўскай і Гая, дзе размяшчаецца прыватны сектар, у агляднай будучыні прыкметна зменіцца. Сядзібную забудову плануецца часткова знесці, пішуць «Мінск-навіны».

30.09.2024 / 09:54

Праектаваная тэрыторыя разбіта на два кварталы. У межах вул. Нававіленскай, Шчадрына, Наватарскай, Даўгінаўскага і Старавіленскага тракта плануецца шчыльная шматкватэрная забудова. Вышынныя дамы хочуць узвесці да 2030 г.

Маштабныя перамены закрануць і дарожную сетку. На вуліцы Арлоўскай да зав. Чарвякова чакаецца рэканструкцыя — пашырэнне і прымыканне да раней абноўленай часткі Даўгінаўскага гасцінца.

Стане шырэй вул. Нававіленская, а Прыгарадную падоўжаць і пашыраць. Акрамя таго, у квартале з'явіцца і новая вуліца — Праектаваная №3.

Зменіцца, але не так глабальна, участак у межах Даўгінаўскага тракта, вуліц Шчадрына і Гая. Тут маюць намер захаваць прыватны сектар. Прадпрыемствы і склады, якія размяшчаюцца на гэтай тэрыторыі, хочуць вынесці за яе межы, а на вызваленым месцы ўзвесці шматкватэрныя будынкі вышынёй да пяці паверхаў.

Варта адзначыць, што ў квартале ёсць некалькі кропак, дзе зносіць прыватны сектар і нежылыя аб'екты будуць мінімальна, хоць па суседстве намячаецца новае будаўніцтва.

Nashaniva.com