Прэзідэнт Латвіі зламаў руку падчас катання на ровары

Эдгар Рынкевіч падчас катання на ровары сур'ёзна траўмаваў руку. Пасля аказання дапамогі медыкі наклалі яму на правую руку гіпс, паведамляе Delfi.lv.

30.09.2024 / 07:25

Інцыдэнт здарыўся ў суботу, калі Рынкевіч рабіў велапрагулку. На наступны дзень ён адправіўся ў бальніцу траўматалогіі і артапедыі, дзе дактары выявілі ў яго пераломы і наклалі гіпсавую павязку. Пра няўдалае падзенне з ровара прэзідэнт Латвіі паведаміў у фэйсбуку.

Фота з фэйсбука Эдгара Рынкевіча

«Веласіпедны сезон завяршыўся. Вялікі дзякуй доктару Крышсу Розенбергсу і калектыву бальніцы траўматалогіі і артапедыі за дапамогу не вельмі разумнаму пацыенту. Латвійскія дактары — найлепшыя ў свеце», — напісаў Рынкевіч у сацсетцы.

Дарадца прэзідэнта па сувязях з грамадскасцю Марціньш Дрэгерыс удакладніў, што Рынкевіч пры падзенні з ровара зламаў запясце на правай руцэ і палец на левай руцэ.

Са слоў Дрэгерыса, на працы прэзідэнта траўма не адаб'ецца. Рынкевіч можа пісаць і падпісваць дакументы. Ніякіх зменаў у парадку дня наступнага тыдня ў яго не плануецца.

Nashaniva.com