«У Беларусі з'явіўся свой Рыбентроп». Латушка пракаментаваў заявы Рыжанкова

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка апублікаваў відэа з разборам прамовы міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова, якую той зрабіў з трыбуны ААН у Нью-Ёрку.

29.09.2024 / 18:39

Скрыншот з відэа. 

Латушка заявіў, што ў беларускай дыпламатыі з'явіўся свой Рыбентроп, які прапанаваў падзяліць Украіну.

«Рыжанкоў з трыбуны ААН прапануе падзяліць Украіну. Ён ізноў прапануе правесці перагаворы ў Мінску для таго, каб падпісаць пагадненне. А да чаго павінна прывесці гэтае пагадненне? Менавіта да падзелу Украіны. Сучасны Рыбентроп у беларускім выкананні», — сказаў Латушка.

Таксама палітык згадаў выступленне іншага падпісанта Пакта Молатава-Рыбентропа — народнага камісара замежных спраў Савецкага саюза Вячаслава Молатава — якое той зрабіў у Вярхоўным савеце СССР пасля падзелу Польшчы ў 1939 годзе. У ім Молатаў заявіў, што гітлераўская Германія выступае за мір, а агрэсіі і вайны хочуць Англія і Францыя. Як мяркуе Латушка, у гэтых словах таксама шмат падобнага да выступу Рыжанкова. 

Нагадавем, што з трыбуны Генасамблеі ААН лукашэнкаўскі міністр паўтарыў беларускія і расійскія прапагандысцкія штампы пра жаданне Захаду і залежных ад іх украінскіх уладаў ваяваць да апошняга ўкраінца, заявіў, што ў Беларусь уцякае больш бежанцаў, чым у Еўропу, а таксама заклікаў вярнуцца да фармату мірных перамоваў, якія праходзілі ў Мінску з 2014 года. 

Іаахім фон Рыбентроп — нямецкі дыпламат, міністр замежных спраў Германіі. У 1939 годзе падпісаў так званы Пакт Молатава — Рыбентропа, які вызначыў сферы інтарэсаў Гітлера і Сталіна ва Усходняй Еўропе.

Nashaniva.com