Журналісты атрымалі дакументы, датычныя смерці Навальнага. Яны ўказваюць на тое, што яго маглі атруціць

У матэрыялах следчых зніклі згадкі пра болі ў жываце і ваніты. 

29.09.2024 / 17:06

Фота: Markus Schreiber, AP

Выданне The Insider паведаміла пра атрыманне доступу да сотняў дакументаў, якія звязаныя са смерцю расійскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага ў калоніі 16 лютага. З іх вынікае, што прычынай смерці магло стаць атручэнне. 

У адным з дакументаў следчы ўпраўлення СК па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе апісвае падзеі, якія адбываліся перад смерцю Навальнага. Ён сцвярджае, што палітык адчуў боль у жываце і лёг на падлогу, пасля чаго пачаліся сутаргі і яго званітавала. 

У канчатковай версіі дакумента гэтая частка тэксту знікла. У ёй няма ніякіх указанняў на боль у жываце, ваніты і сутаргі.

Аднак у вопісу канфіскаваных аб'ектаў заяўляецца, што на экспертызу адпраўляліся змывы рвотных мас і іх цвёрдыя фрагменты.

Афіцыйнай версіяй смерці Аляксея Навальнага стала парушэнне сардэчнага рытму. Але апытаныя журналістамі медыкі сцвярджаюць, што апісаныя ў дакументах сімптомы складана патлумачыць нічым іншым, як вынікам атручвання. Напрыклад, фосфараарганічным рэчывам.

Nashaniva.com