Пяскова спыталі, хто ў Расіі будзе вызначаць, ці прыйшоў час прымяняць ядзерную зброю

Наступленне ўмоў для ўжывання Расіяй ядзернай зброі, згодна з новай дзяржаўнай палітыкай у галіне ядзернага стрымлівання, будзе вызначаць Мінабароны РФ, заявіў спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў.

29.09.2024 / 15:02

Фота: mod_russia / Telegram

«Гэта хутчэй прэрагатыва нашых спецыялістаў, нашых вайскоўцаў. Яны ўважліва сочаць за тым, якія менавіта ўзбраенні і як выкарыстоўваюцца. Менавіта яны фіксуюць наўпроставую ўцягнутасць краін калектыўнага Захаду ў канфлікт вакол Украіны, і яны не будуць аслабляць сваю ўвагу», — сказаў Пяскоў, піша ВВС. 

Па словах Пяскова, карэкціроўкі ў асновы дзяржпалітыкі ўжо пачынаюць афармляцца.

Пра тое, што Расія мяняе сваю ядзерную дактрыну і істотна пашырае спіс падстаў для ўжывання ядзернай зброі, 25 верасня абвясціў Уладзімір Пуцін. Сярод іншага Расія ўнесла ў сваю ядзерную дактрыну права ўжыць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі ў дачыненні да Беларусі. 

Некаторыя эксперты лічаць, што зменамі ў ядзерную дактрыну Масква адрэагавала на дыскусію аб магчымым дазволе Украіне ўжываць заходнія ракеты ўглыб Расіі.

Nashaniva.com