У Расіі хакеісты-аматары згулялі з камандай ФСБ. Цяпер гульцам шыюць крыміналкі за супраціў сілавікам

Аматары з Бірабіджана на лёдзе пабіліся з супрацоўнікамі ФСБ, зараз у іх праблемы.

29.09.2024 / 13:52

Скрыншот відэа Baza

У расійскім Бірабіджане на хакеістаў аматараў завялі крымінальныя справы з-за бойкі на лёдзе падчас хакейнага матча. Пабіліся яны з мясцовымі супрацоўнікамі ФСБ.

У камандзе «Тафгай» выступаюць прадпрымальнікі з Яўрэйскай аўтаномнай вобласці. Увесну ў Бірабіджане яны гулялі супраць каманды рэгіянальнага ўпраўлення ФСБ.

Матч выйшаў багатым на эмоцыі, ніхто не хацеў саступаць, у нейкі момант, як гэта бывае ў хакеі, сапернікі пачалі біцца. Хакеістаў, якія правініліся, звычайна караюць штрафнымі хвілінамі або, у крайнім выпадку, дыскваліфікацыяй.

Але на гэты раз спартовым пакараннем справа не абышлася, піша Baza.

Пасля матчу пецярых гульцоў «Тафгая» арыштавалі на 15 сутак і аштрафавалі, а арганізатары турніру паспяшаліся аб'явіць аб дыскваліфікацыі хакеістаў.

Праз пару месяцаў на прадпрымальнікаў-хакеістаў распачалі крымінальную справу ўжо па артыкуле 213 КК РФ («Хуліганства, здзейсненае групай асобаў па папярэдняй змове, звязанае з супрацівам прадстаўніку ўлады»). Санкцыя артыкула — ад штрафу да сямі гадоў пазбаўлення волі.

У трох гульцоў «Тафгая» ўзялі падпіскі аб нявыездзе.

26 верасня паліцыя затрымала прадпрымальніка Яўгена Патаскуева і яшчэ аднаго хакеіста каманды. Следства просіць арыштаваць прадпрымальнікаў з-за наяўнасці ў іх загранічных пашпартоў. Нагодай для такой просьбы сталі асцярогі, што падазроныя могуць пакінуць Расію і ўцячы ад правасуддзя — Патаскуеў раней неаднаразова выязджаў на працяглы тэрмін у Тайланд.

30 верасня ў Бірабіджане суд прыме рашэнне аб меры стрымання падазраваных.

Nashaniva.com