У Скідзелі даішнікі ў пагоні стралялі па колах — аказалася, кіроўца спяшаўся на дыскатэку

Пагоня са стралянінай адбылася раніцай у Гродзенскім раёне.

29.09.2024 / 13:20

Скрыншот відэа МУС

У чатыры раніцы супрацоўнікі ДАІ вырашылі спыніць аўто Mazda для праверкі. Аднак кіроўца сігнал праігнараваў і дадаў хуткасці.

Ён спрабаваў адарвацца па ўсіх канонах кіно — у тым ліку віляў па дарозе, каб не даць сябе апярэдзіць машыне ДАІ. Міліцыянеры вырашылі страляць. Спачатку яны пару разоў стрэлілі ў паветра, а затым адкрылі агонь па колах. Ім атрымалася пашкодзіць два колы, і Mazda спынілася.

Як аказалася, за рулём знаходзіўся 22-гадовы жыхар Зэльвенскага раёна. У 2022 годзе яго пазбавілі правоў за нецвярозае кіраванне. Нападпітку ён быў і ў гэты раз: паводле звестак МУС, медыцынскі агляд паказаў больш за праміле алкаголю.

Хлопец разам з пасажырам, з якім напярэдадні пазнаёміўся на запраўцы, накіроўваліся на дыскатэку ў забаўляльную ўстанову ў Гродне.

Кіроўцу затрымалі, на яго склалі шэсць адміністрацыйных пратаколаў. Машыну канфіскавалі і адправілі на штрафстаянку. 

Nashaniva.com