Лукша расказаў, на якіх умовах адбывалася памілаванне

«Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры кажа, што трэба падпісаць. Да 3 ліпеня нешта будзе».

29.09.2024 / 16:45

Дзмітрый Лукша. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

Былы вядучы і палітзняволены Дзмітрый Лукша, які выйшаў на свабоду па памілаванні 3 ліпеня, у ТОКу расказаў пра абставіны свайго вызвалення. Ён сцвярджае, што загадзя не пісаў прашэнне аб памілаванні, яму гэта прапанавала зрабіць адміністрацыя калоніі 15 чэрвеня 2024 года:

«Я прыйшоў у кабінет, дзе быў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры. Усё вельмі спакойна, як у кіно. Ён паказвае мне пасведчанне. «Сядайце, калі ласка. Ёсць шанц, каб вы пайшлі дахаты» — «Добра». Ён кажа: «Вось, трэба падпісаць. Да 3 ліпеня нешта будзе». Я запытаўся, якія ўмовы. Ён адказаў: «Ніякіх. Вы выходзіце і ўсё. (…) Пра цябе забываюцца, калі, зразумела, сам нікуды не палезеш. Проста жыві».

Мужчына расказвае, што папрасіў прадстаўніка пракуратуры зрабіць такую ж прапанову яго жонцы Паліне Палавінка, якой заставалася трохі больш за месяц да вызвалення. «Ён не ведаў, што ў мяне ёсць жонка [за кратамі]. (…) Ён некаму тэлефануе. Я чуў, ён пытаецца: «Такая-та ў вас сядзіць? Пагаварыце з ёй таксама. Муж перадае прывітанне». І ён кажа [мне]: «Я не ведаю, у яе вельмі малы астатак».

Па словах Лукашы, толькі пасля вызвалення ён даведаўся, што яго жонцы такую ж прапанову зрабілі яшчэ 13 чэрвеня — то-бок за дзень да таго, як адбылася размова з ім. Такім чынам, падкрэслівае ён, Паліна выйшла на волю не з яго падачы.

Лукша расказвае, што да дня вызвалення ён не верыў, што яно насамрэч адбудзецца:

«Я, хутчэй, не верыў, што гэта будзе. (…) Калі я прыйшоў на [размову з пракурорам], са мной стаялі хлопцы. Я пытаюся: «У каго які астатак?». І яны адказваюць: «Два месяцы», «тры месяцы». А ў мяне год і тры месяцы.

Я да апошняга, да таго моманту, пакуль мяне не забралі [з атрада] 3 ліпеня быў упэўнены, што мяне не разгледзяць у Мінску. Я здагадваўся, што, пэўна, гэты дакумент паедзе ў Мінск. У Мінску будзе нейкая камісія ці самому чалавеку (Лукашэнку — НН) патрапіць. Я быў упэўнены, што мяне не адпусцяць з-за астатку. Год і тры месяцы — гэта вельмі шмат».

Па словах Лукшы, пасля падпісання прашэння аб памілаванні пачаўся напружаны перыяд чакання. Мы чамусьці падумалі, што нас выпусцяць перад 3 ліпеня, за тыдзень да гэтай даты. Што нас будуць выпускаць менавіта 3-га, мы былі ўпэўнены, што не — вельмі ж пафасна».

Аднак, насуперак меркаванням, вызваленне адбылося менавіта ў гэты дзень:

«Я памятаю, мы ідзём на сняданак, і бачу: вядуць некуды аднаго хлопца з тых, што са мной быў на падпісанні. І ў мяне адразу першая думка: «Ага, яго — так, а мяне — не. Інакш бы нас забралі ўсіх [з атрада]». А потым я зразумеў, што нас па адным вырывалі і адпраўлялі [на выхад]».

***

Дзмітрый Лукша нарадзіўся ў 1989 годзе. У канцы 2000-х і першай палове 2010-х працаваў на БТ, быў вядучым «Зоны Х».

У 2020 здымаў пратэсты для казахстанскага тэлеканала «Хабар». У 2022 быў арыштаваны і прысуджаны да 4 гадоў зняволення за ўдзел у дэманстрацыях і «дыскрэдытацыю Беларусі». Разам з ім была асуджаная яго жонка Паліна Палавінка. Адбываў пакаранне ў калоніі ў Шклове.

Вызваліўся 3 ліпеня 2024 года па памілаванні адначасова з жонкай, пасля чаго сям’я з’ехала ў Польшчу.

Глядзіце цалкам:

Былы вядучы «Зоны Х» палітвязень Дзмітрый Лукша выйшаў на свабоду па памілаванні

Праваабаронцам дакладна вядома ўжо пра 16 палітзняволеных, якія выйшлі на волю 3 ліпеня

Лукша расказаў, як сустрэўся ў адной камеры з Пачобутам. І перадгісторыю іх даўняга канфлікту

Nashaniva.com