Рыжанкоў расказаў, што ў Беларусь з Еўропы бягуць дзясяткі тысяч украінцаў

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у ААН заявіў, што ў Беларусь з Еўропы бягуць дзясяткі тысяч украінцаў. Паводле яго слоў, гэта лічба ў разы большая, чым колькасць бежанцаў у Еўропу. 

29.09.2024 / 08:59

«Толькі праз нашу граніцу з ЕС з моманту пачатку канфлікту ў Беларусь перамясцілася больш за 250 тысяч украінцаў. Апошнім часам — 12-15 тысяч у месяц. Гэта афіцыйныя лічбы пагранслужбы. Вось так з «паспяховай Еўропы» сёння бягуць. Бягуць відавочна не да «агрэсара». Дарэчы, гэта колькасць у разы большая, чым колькасць бежанцаў праз нашу граніцу ў ЕС», — заявіў Рыжанкоў.

У вайне ён абвінаваціў не Расію, а Захад і цалкам міжнародную супольнасць, а таксама папракнуў Украіну, што тая не здаецца.

«Моцная арганізацыя [ААН] не дазволіла б, каб на карысць транснацыянальнаму капіталу і ў інтарэсах калектыўнага Захаду Украіна ваявала сёння да «апошняга ўкраінца». І калі б усе, як суседняя Беларусь, разумелі, што рэальна адбываецца ў зоне канфлікту і чым гэта пагражае, і сапраўды хацелі б спыніць крывавае процістаянне двух братэрскіх народаў, то даўно б Украіна была з Расіяй не на полі бою, а за сталом мірных перагавораў. У гэтым кантэксце вельмі своечасовы ініцыятывы, падобныя да бразільска-кітайскага мірнага плана. Аднак без удзелу Расіі ніводны праект поспеху мець не будзе. Новай архітэктуры бяспекі ў нашым рэгіёне не можа быць і без удзелу Беларусі», — перадае яго словы БелТА. 

Nashaniva.com