Што вядома пра сям'ю з Баранавічаў, у якой і мужу, і жонцы далі велізарныя тэрміны за «здраду дзяржаве»

Дзмітрый і Аксана Малочкі прызнаныя палітвязнямі. Ім прысудзілі 12 і 8 гадоў зняволення адпаведна.

28.09.2024 / 17:44

Дзмітрый і Аксана Малочкі. Фота з сацсетак

Дзмітрыю Малочку 53 гады, Аксане Малочка — 47. Па звестках праекта Digital intelligence team, яны ў шлюбе, у іх трое дзяцей — сын і дзве дачкі.

Аксана нарадзілася і вырасла ў Баранавічах. Ніякай палітычнай актыўнасці на яе старонках няма.

Дзмітрый Малочка таксама родам з Баранавічаў. Апошняе вядомае яго месца працы — жвірова-сартавальны завод «Амневічы» ў Баранавічах, які выпускае пясок і шчэбеневыя сумесі. Пасля Дзмітрый заняўся рамесніцтвам.

Яго адзін раз затрымлівалі на пратэстах у горадзе — 27 верасня 2020 года. На яго старонках ёсць рэпосты незалежных медыя, але нічога такога, што цягне на злачынства.

Па звестках Вясны, Дзмітрыя і Аксану затрымалі ў лістападзе 2023 года і спачатку пасадзілі на суткі. Пасля на іх завялі крымінальныя справы ў перавялі ў СІЗА-7 у Брэсце.

Іх пачалі судзіць 24 ліпеня 2024 па абвінавачанні ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Дзмітрыю прысудзілі дванаццаць гадоў калоніі, а Аксане — восем гадоў. Сутнасць абвінавачання невядомая.

Айцішніка з-пад Ліды судзяць за «здраду дзяржаве». Ён доўгі час жыў у Германіі, але вярнуўся ў Беларусь

Памятаеце камуніста Цюхая, адыёзнага функцыянера БРСМ? Яго судзяць за здраду дзяржаве — да 25 гадоў зняволення

Падобна, двух топ-чыноўнікаў з Мінфіна і Мінтранса судзяць за хабар і «здраду дзяржаве»

Nashaniva.com