«З задавальненнем сыграла б Калеснікаву». Святлана Зелянкоўская — пра новыя ролі, Міхалка і тое, як заваблівалі вярнуцца ў Беларусь
Пагутарылі з вядомай актрысай і экс-зоркай Купалаўскага тэатра Святланай Зелянкоўскай пра новыя спектаклі (у адным з іх яна сыграе шэфа паліцыі), стасункі з былым мужам і новымі мужчынамі, прычыны слёз, а таксама прапановы вярнуцца ў Беларусь.
30.09.2024 / 10:07
Святлана Зелянкоўская. Фота: «Наша Ніва»
«Наша Ніва»: Раскажыце, чым вы цяпер жывяце?
Святлана Зелянкоўская: Рэпецірую некалькі спектакляў. 5 кастрычніка ў Беластоку ў рамках фестывалю «Кірунак Усход», напрыклад, у нас адбудзецца прэм’ера па кнізе «Па што ідзеш, воўча» Евы Вежнавец (Святланы Курс). Мы ўжо рабілі чыткі па гэтым тэксце, а цяпер пераробліваем матэрыял у паўнавартасны спектакль. Пазней пакажам яго ў Варшаве і, спадзяемся, на іншых фестывалях у Еўропе.
У лістападзе ж плануем сыграць яшчэ адну прэм’еру — «Ордэн белай мышы» па аднайменным творы Уладзіміра Арлова. Пакуль што ў нас толькі анлайн-рэпетыцыі, яшчэ не выходзілі на ногі. Плюс не дапісаны сам тэкст, таму што да твора Арлова мы плануем дадаць уласныя гісторыі, якія будзем ад сябе расказваць. Будзе таксама трошачкі дапісана драматургам Дзіянай Балыка. Атрымаецца такі тэатр у тэатры.
Дзіяна Балыка, Святлана Зелянкоўская, Андрэй Бардухаеў-Арол, Ігар Сігоў — акцёры, занятыя ў пастаноўцы «Ордэн белай мышы». Фота: @fotografjana
Раскрыю сакрэт: я буду граць у спектаклі ролю жанчыны-гаспадыні палаца. Якая, можа, не зусім гаспадыня, хутчэй — асабістая рэч манарха, якой ён карыстаецца. У нас там атрымаўся трохкутнік: пісьменнік-кароль-жанчына.
І яшчэ ў мяне там другая роля — шэфа паліцыі. Мы тут шмат раіліся з Уладзімірам Арловым, я пыталася, ці былі нейкія прататыпы персанажа, калі ён пісаў свой твор. Ён сказаў, што іх было шмат, гэта такі збіральны вобраз.
Рэпетыцыя пастаноўкі «Ордэн белай мышы». Фота: @fotografjana
Я планую яго зрабіць такім жа. З адсылкай да савецкага ўкладу, калі ты жорсткі і адданы ўладзе, з поўнай верай, што тое, што адбываецца вакол, адзіны верны шлях.
Адкрыты збор у дапамогу праекта — паўдзельнічаць можна тут.
«НН»: У вашым жыцці былі сутыкненні з міліцыяй?
СЗ: У мяне быў эпізод з дарожнай міліцыяй. Адзін раз я праязджала ў Мінску міма мітынгу на сваёй машыне, яшчэ ў 2011-м, калі пляскалі ў далоні, і проста бібікнула. Мяне тады спынілі даволі жорстка. Але яшчэ былі не такія часы, як цяпер, так што я толькі штрафам паплацілася.
«НН»: У спектаклі па Арлове ў вас заяўлена тэма ўзаемадзеяння мастака і ўлады. Якімі вы сёння бачыце гэтыя стасункі?
СЗ: Тыя людзі, якія на нашым баку і засталіся ў Беларусі, не ведаю, як яны існуюць… Ведаю, што некаторыя сябры ў выніку не працуюць у прафесіі, яны звольненыя. Камусьці даводзіцца быць прыбіральшчыцай, камусьці — працаваць у службе дастаўкі.
Што тычыцца тых, хто пры ўладзе — яны скарысталіся момантам і паказалі свой твар, і цяпер жывуць прыпяваючы.
Што наконт мяне, нядаўна быў такі эпізод: мне патэлефанаваў адзін мой знаёмы з мінулага часу, які калісьці быў у міністэрстве. Прапаноўваў вярнуцца ў Купалаўскі. Абяцаў, што ў мяне будуць галоўныя ролі ў тэатры, шмат чаго для якаснага жыцця, узнагароды і гэтак далей. Сказаў, што мне нічога не пагражае, што ніякай небяспекі для дзяржаўнага апарату я не нясу. Але я ж разумею, што адбываецца, і трэба быць без глузду, каб не разумець гэтага.
Таксама адна знаёмая клікала мяне прыязджаць, пераконвала, што ў мяне не будзе ніякіх праблем. Мая пазіцыя заўсёды была выразнай, таму я нават здзівілася, што мне з такімі прапановамі тэлефануюць і пішуць.
«НН»: Што цяпер з вашым тэатрам-студыяй «Зялёнае святло»?
СЗ: На жаль, я не сабрала дастатковай колькасці людзей, якая мне патрэбна для працы студыі. Я яшчэ, канечне, трымаю ў марах, што некалі гэта ўсё ж адбудзецца.
Нядаўна атрымала грант ад ArtPower Belarus на выдавецтва і прэзентацыю дзіцячага спеўніка (пакуль не магу раскрываць дэталі). Прэзентацыю будзем рабіць з дзеткамі са студыі «Купалінка» ў Варшаве. Імкнемся паспець усё да канца кастрычніка.
Паралельна з творчымі праектамі я працую на сваёй асноўнай працы — у якасці прадаўца адзення [ў краме] Reserved. Гэта не зусім мая стыхія, але трэба зарабляць грошы, каб жыць.
«НН»: Як часта вы цяпер бачыцеся з дзецьмі?
СЗ: Аксіння таксама жыве ў Варшаве, раней мы нават разам здымалі кватэру, але цяпер яна з’ехалася з хлопцам.
Малодшыя ж дзеці з бацькам у Эстоніі, у мяне атрымліваецца прыблізна раз на паўгода да іх выязджаць, таму што яшчэ ж трэба сабраць грошы на гэта. Ну і з адпачынкам на працы ў мяне ёсць ліміт, які я магу выкарыстаць.
Святлана з сынамі. Фота: zelechka2011
Да мяне дзеці не прыязджаюць, таму што пакуль у мяне няма такіх умоваў, каб іх прымаць. Я жыву ў маленькім пакойчыку, кватэру дзялю з суседзямі — беларусам і ўкраінкай. Мы пасябравалі з імі.
Айфон штодзень выдае нейкія фотаўспаміны, таму што я дзяцей вельмі шмат фатаграфавала. І ў мяне заўсёды слёзы падступаюць: я не ведаю, што мне зрабіць, каб змяніць сітуацыю. Была думка паехаць у Эстонію жыць, але не ведаю, дзе там працаваць, дзе жыць, там яшчэ больш дарагі ўзровень жыцця.
«НН»: Правільна разумею, што з Сяргеем Міхалком вы зусім не камунікуеце?
СЗ: На жаль, не. Нават з дзецьмі я камунікую праз яго новую жонку. Ці старэйшы сын Макар дапамагае: бегае з тэлефонам за малодшымі. Хаця мне падаецца, наконт дзяцей са мной размаўляць мусіць Сяргей, а не яго жонка. Мне б хацелася, каб мы вырашалі лёс дзяцей разам. Нам жа няма чаго дзяліць, пачуццяў няма… Але тут я не магу паўплываць, гэта яго рашэнне.
Можа, ён баіцца, што я буду дзяцей адбіраць… Але я ж не адбіраю іх увесь гэты час, я прыстасоўваюся да сітуацыі.
«НН»: Ці сочыце вы за творчасцю Сяргея цяпер? Нядаўна ў сеціве актыўна абмяркоўвалі яго знешні выгляд, некаторыя прыхільнікі выказвалі асцярогі, што Міхалок можа быць у дэпрэсіі…
СЗ: Я не буду гэта каментаваць. Я не ў курсе, што там. Я спытала неяк, як справы. Мне сказалі, усё добра, ну і ўсё.
Трошкі гляджу, што ён робіць, канечне, таму што гэта бацька маіх дзяцей.
«НН»: Старэйшы сын працягвае займацца тэатрам, вы б хацелі, каб ён, як і вы, стаў акцёрам?
СЗ: Я не раз чула, як дарослыя акцёры кажуць, што не жадаюць сваім дзецям гэтай прафесіі. І я здзіўлялася заўсёды — гэта ж праца, якую ты любіш! Так, яна залежная ў тым плане, што нас пастаянна выбіраюць рэжысёры, прадзюсары. Але мне падаецца, гэта вельмі творчая плынь, якая захоплівае душу і сэрца. І я буду толькі рада, калі мае дзеці будуць гэтым займацца.
Макар ходзіць у тэатральную школу, і яму падабаецца. Ён і спявае, і песні сам прыдумляе, і ў кліпах бацькі ў яго добра атрымлівалася здымацца. Ён кажа, што будзе творчым чалавекам — каб і акцёр, і музыка, і кампазітар.
«НН»: А ваша сэрца цяпер свабоднае?
СЗ: Так. У мяне былі адносіны з мужчынам. Год пратрымаліся стасункі. Праз фэйсбук і суполку «Знаёмствы беларусаў у Польшчы» была яшчэ на спатканні з адным мужчынам, але нешта не склалася.
Цяпер я ў пошуку. Паспрабавала тындар і «Баду», але нешта ў мяне нейкі страх. Больш, канечне, люблю жывыя знаёмствы.
«НН»: Ці ёсць шанец уліцца ў польскія тэатры і кіно, вывучыўшы мову, як у вас атрымалася з украінскай ва Украіне?
СЗ: Гэта складана, на жаль. Тут трэба размаўляць без акцэнту, ідэальна. А я пакуль што не тое што без акцэнту, я нармальна размаўляць не магу па-польску агулам. Можа, цяпер няма такіх рэсурсаў у мяне, як раней. Але я хацела б, калі будзе больш вольнага часу, звярнуцца да рэпетытара, буду падымаць узровень ведання польскай так ці інакш.
Мне з Украіны паступалі прапановы працы, ужо як вайна пачалася, тэлефанавалі, але цяжка мне туды ездзіць. У мяне хоць і ёсць мясцовы дазвол на жыхарства, але ўсё роўна трэба ж праходзіць мяжу, я грамадзянка Беларусі… На Украіну я пакуль не гляджу як на варыянт працы.
«НН»: Якой вы бачыце будучыню беларускага тэатра бліжэйшым часам у сённяшніх умовах?
СЗ: Сітуацыя ў Беларусі, мне падаецца, на жаль, зацягнецца надоўга. Будзем верыць у лепшае, але пакуль што будуем тут сваё жыццё.
Хацелася б, канечне, ужо нармальны свой тэатр тут зрабіць, аб’яднаць усіх акцёраў і рабіць нешта грандыёзнае разам.
«НН»: Адны з вашых самых яркіх роляў — Барбара Радзівіл і Анастасія Слуцкая. Ці ёсць яшчэ нейкія гістарычныя персанажы — з мінуўшчыны ці сучаснасці, — якіх бы хацелася сыграць?
СЗ: Я б агулам хацела многа граць, розных роляў. Галоўных, у тым ліку, канечне.
Калі думаю пра сучаснасць, у галаву прыходзіць Марыя Калеснікава. Я не падобная да яе, канечне, але б з задавальненнем сыграла. Мне здаецца, калі б былі выбары і яна была прэтэндэнткай, я б за яе прагаласавала. Гэта моцная асоба, чалавек з вялікай літары.
Калі адбылася рэвалюцыя ў 2020-м, я толькі нарадзіла дзіця. І ў мяне тады нават знікла малако, таму што я моцна перажывала ўсе падзеі, кожную ноч плакала ад таго, што адбывалася на радзіме, сачыла за ўсім, глядзела рэпартажы. Сама запісвала звароты да калег. Было вельмі цяжка. Хацелася яшчэ тады быць разам з усімі, з «купалаўцамі», якія — мая сям’я. Але я не магла па аб’ектыўных прычынах, і ўсё роўна праз гэта было сорамна і няёмка.
«НН»: Вы неяк казалі, што ваша нацыянальная самаідэнтычнасць сфармавалася ў фальклорным тэатры «Госціца» пад кіраўніцтвам Ларысы Сімаковіч. А калі канкрэтна гэта да вас прыйшло?
СЗ: Я заўсёды была творчай асобай, і калі ў мяне пыталіся, кім я хачу быць, адказвала, што актрысай. Я выступала дома, у дзіцячым садку, у школе — заўсёды на сцэне. Але што тычыцца нацыянальнай самаідэнтычнасці, то ў школе ж было дзве гадзіны ў тыдзень на беларускую мову і адна гадзіна літаратуры — нічога зусім. І на рускай мове ўсе зносіліся, у тым ліку ў сям’і.
А пасля я стала хадзіць у «Госціцу», і патрошкі яно выхавалася. Год у 15 прыйшло. У нас там такая рознабаковая адукацыя была — мы і спевамі народнымі займаліся, і харэаграфіяй, і акцёрскае майстэрства нам выкладалі. І Ларыса нам кніжкі раіла, якія варта прачытаць. Мы ў тэатры гадзінамі знаходзіліся, размаўлялі на ўсе магчымыя тэмы. І ўся адукацыя ў калектыве была неяк з павагай да роднай мовы, да гісторыі.
Потым я ўжо сама стала і на мітынгі хадзіць, амаль адразу як Лукашэнка прыйшоў да ўлады.
«НН»: Ці няма страху, што вашы дзеці згубяць беларускасць у эміграцыі, асімілююцца ў краіне пражывання?
СЗ: Дзеці беларускай мовай, на жаль, не валодаюць. Украінскую нават лепш ведаюць: Макар жа і ва ўкраінскую школу хадзіў, плюс Сяргей там грамадзянства атрымаў, і яго новая жонка — украінка. Дома яны, па-мойму, па-руску размаўляюць.
Адразу пасля нараджэння я спявала дзецям беларускія песні — і калыханкі, і народныя, і пад «Пагоню» ўкалыхвала Мірона. Канечне, гэта ўсё забываецца. Напэўна, калі б я была побач, то нешта б трошкі ўзрошчвала. Мне здаецца, важна памятаць, хто ты і падтрымліваць нацыянальную ідэнтычнасць.
Агулам, неяк жа нават у расійскім Мінску выхаваліся асобы, якія сталі потым наперадзе вызваленчых рухаў. Так што, думаю, не ўсё згублена. І ў эміграцыі той жа працэс выхавання шмат у чым залежыць ад бацькоў, ад таго, што яны ўкладаюць дзецям у галовы і сэрца.
«НН»: Пра што яшчэ марыцца?
СЗ: Не вельмі хачу пакуль раскрываць сакрэт, але мы падумваем з сябрамі — актрысай Яўгеніяй Кульбачнай і яе мужам Паўлам Яскевічам, купалаўцамі — пра ўласны буйны тэатральны праект. Мы нават ездзілі на стажыроўку на Авіньёнскі тэатральны фестываль.
Магу толькі сказаць, што праект гэты плануецца на доўгія гады, ён дазволіць адкрыць бізнэс у творчым кірунку, стаць на ногі. Дазволіць мне, спадзяюся, падзяліць апеку над дзецьмі, каб у мяне былі магчымасці фінансавыя і побытавыя для гэтага. Я да гэтага імкнуся: стаць незалежнай жанчынай, якая можа ўсё для дзяцей зрабіць.
Сігоў і Зелянкоўская з’явяцца ў спектаклі па Арлову
Зелянкоўская — драма з Міхалком, «Анастасія Слуцкая», Тарзан і сустрэча з Лукашэнкам