«Насралу забілі, калі ён глядзеў прамову Нетаньяху ў ААН». Як Ізраіль падмануў лідара «Хезбалы»

Ізраільскія ўлады правялі падманны манеўр з удзелам прэм'ер-міністра краіны, каб выклікаць лідару «Хезбалы» пачуццё бяспекі.

28.09.2024 / 13:07

Біньямін Нетаньяху. Photo by Michael Kappeler/picture alliance via Getty Images

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху ўзяў удзел у аперацыі па падмане лідара «Хезбалы» Хасана Насралы.

Падрабязнасці плана распавёў The Telegraph высокапастаўлены ізраільскі чыноўнік.

Нетаньяху пакінуў Ізраіль і адправіўся ў Нью-Ёрк, каб «увесці ў зман» лідара «Хезбалы», прымусіўшы яго думаць, што ён у бяспецы.

Выступ Нетаньяху на Генеральнай Асамблеі ААН 27 верасня быў часткай «адцягваючага плана», які быў накіраваны на тое, каб прымусіць Хасана Насралу паверыць, што Ізраіль не будзе праводзіць сілавую аперацыю, пакуль прэм'ер-міністр знаходзіцца за межамі краіны.

Ізраіль нанёс удар па Бейруце ў пятніцу, магутная паветраная атака ўзрушыла ліванскую сталіцу. Па словах чыноўніка, Насралла, як мяркуецца, глядзеў выступ Нетаньяху па тэлевізары»і быў атакаваны Ізраільскімі ВПС».

«Нетаньяху ўхваліў гэты ўдар перад сваім выступам на Генеральнай Асамблеі ААН», — дадаў чыноўнік.

Атака адбылася праз некалькі хвілін пасля Нетаньяху паабяцаў працягнуць аперацыі супраць «Хезбалы» падчас свайго выступу ў ААН.

Прэм'ер-міністр Ізраіля выступіў з рашучай прамовай, заявіўшы дэлегатам, што Ізраіль будзе «працягваць аслабляць» Хезбалу да таго часу, пакуль усе мэты не будуць дасягнуты».

Ізраіль абвясціў пра забойства Хасана Насралы ў выніку кропкавага авіяўдару. Разам з ім былі забітыя высокапастаўленыя камандзіры «Хезбалы».

Nashaniva.com