Рыжанкоў заявіў, што Мінск адкажа на наўмыснае прымяненне Кіевам дронаў па Беларусі

Кіраўнік МЗС заяўляе, што беспілотнікі запускае Украіна.

28.09.2024 / 11:30

Мінск дасць «неадкладны адказ» у выпадку, калі выявіць, што Кіеў наўмысна ўжыў свае беспілотныя лятальныя апараты па беларускай тэрыторыі, заявіў кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў.

«Калі толькі будзе відаць, што ёсць нейкія менавіта наўмысныя дзеянні з пункту гледжання мэтавага выкарыстання беспілотнікаў па беларускай тэрыторыі, адказ, як сказаў кіраўнік нашай дзяржавы, будзе неадкладным», — заявіў Рыжанкоў.

Лукашэнка 10 жніўня заяўляў, што напярэдадні беларускія вайскоўцы збілі больш за дзесяць «натаўскіх» ударных беспілотнікаў, якія ляцелі з тэрыторыі Украіны, аднак ніякіх пацверджанняў гэтаму не было. Больш за тое, радары рэгулярна фіксуюць пралёт над Беларуссю расійскіх ударных дронаў.

Nashaniva.com