Жудаснае ДТЗ у літоўскай Уцене — гоначны аўтамабіль урэзаўся ў натоўп людзей, пацярпелі 14 чалавек, адзін загінуў 

Вечарам у пятніцу падчас мерапрыемства Samsonas Rally Utena аўтамабіль урэзаўся ў натоўп гледачоў.

28.09.2024 / 08:27

Скрыншот відэа

Відавочцы сказалі Delfi, што адзін чалавек загінуў, яшчэ некалькіх рэанімуюць. Факт смерці аднаго гледача пацвердзіла паліцыя. Высветлілася, што пацярпелі 14 чалавек. На месцы здарэння працавалі дактары і паліцыя.

ДТЗ адбылося на стромкім павароце. Рулоны з сенам, на якіх была стрэлка павароту, знеслі іншыя аўтамабілі, а экіпаж з Латвіі, не ведаючы, што там паварот, урэзаўся ў натоўп людзей.

Крыху пазней прадстаўнікі Samsonas Rally Utena далі больш інфармацыі.

«У 21:47 на чацвёртым этапе экіпаж па непрагназуемых прычынах выехаў з трасы, у выніку пацярпелі 9 чалавек. На жаль, адзін з іх ад атрыманых траўмаў памёр на месцы. Астатнім была аказана медыцынская дапамога».

«Спаборніцтвы спыненыя, пасля такой трагедыі было б бесчалавечна іх працягваць. Пакуль ідзе расследаванне, незразумела, па чыёй віне гэта адбылося. Наколькі вядома, 6 чалавек атрымалі вельмі сур'ёзныя траўмы, у ліку пацярпелых, здаецца, ёсць і валанцёр, а таксама ахоўнік. Дакладныя звесткі нам пакуль недаступныя», — сказаў прэзідэнт клуба Арвідас Петкявічус, які арганізаваў ралі, і выказаў шчырыя спачуванні блізкім загінулага.

Паводле неафіцыйных звестак, загінуў жыхар Зарасая. Шасцёра людзей, якія атрымалі сур'ёзныя траўмы, былі дастаўлены ў Віленскую бальніцу.

Nashaniva.com