Лідар «Хезбалы» перастаў выходзіць на сувязь пасля ізраільскіх удараў па Ліване

Сувязь з лідарам шыіцкай групоўкі «Хезбала» Хасанам Насрала страчаная пасля ўдараў Ізраіля вечарам па паўднёвых прыгарадах Бейрута, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцу, блізкую да групы.

28.09.2024 / 07:49

Фота: Chris McGrath/Getty Images

Ізраіль назваў сваёй мэтай штаб-кватэру «Хезбалы». На момант атакі Насрала і некаторыя яго памочнікі знаходзіліся ў ліванскай сталіцы. The Wall Street Journal піша, што няма сувязі і з шэрагам высокапастаўленых чальцоў групоўкі.

Разам з тым раней паведамлялася, што Насрала жывы. Іранскае агенцтва Tasnim пісала, што ён у бяспечным месцы. «Хезбала» дагэтуль не рабіла якіх-небудзь заяваў пра ягоны лёс.

Разам з тым, ізраільскія СМІ паведамілі пра гібель дачкі Хасана Насралы Зейнаб. Паводле звестак журналістаў яе цела было знойдзена пад абломкамі каманднага цэнтра, па якім ударылі ізраільскія вайскоўцы.

Ізраіль нанёс удар па Бейруце ўвечары 27 верасня, ліванскія ўлады паведамілі пра шэсць загінулых і дзясяткі пацярпелых.

Праз некалькі гадзін прадстаўнік арміі абароны ЦАХАЛ папярэдзіў аб новых нападах па аб'ектах «Хезбалы», размешчаных пад дамамі ў паўднёвых прыгарадах, і заклікаў жыхароў шэрагу раёнаў тэрмінова эвакуявацца.

Ізраільскія вайскоўцы паведамілі, што ліквідавалі некалькі камандзіраў, у тым ліку кіраўніка ракетнага падраздзялення Мухамеда Алі Ісмаіла.

Nashaniva.com