Сям'я праграмістаў правяла тры гады за мяжой і вярнулася ў Беларусь. Чым расчаравала Польшча?

Каця і яе муж — праграмісты. Тры гады яны правялі за мяжой, але ў выніку вярнуліся ў Беларусь. Чаму муж і жонка прынялі такое рашэнне, Каця расказала ў сябе ў інстаграме, піша Most.

27.09.2024 / 21:39

За час свайго ад'езду муж і жонка змаглі пажыць у некалькіх краінах: тры месяцы яны правялі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, год — у Турцыі і паўтара года — у Польшчы. За гэты час яны таксама наведалі іншыя еўрапейскія краіны.

Каця звяртае ўвагу: рашэнне аб вяртанні яны з мужам прынялі не таму, што за час рэлакацыі ў іх не атрымалася рэалізавацца.

«Я выйшла на еўрапейскі рынак, я атрымала вельмі добрыя прапановы — у два, у тры разы вышэйшыя за беларускія. Было 600-700 кандыдатаў на пасаду senior lead, але, нягледзячы на гэта, я атрымала прапановы», — расказала дзяўчына.

Дарагое жыллё, прадукты і таксі

Сям'я знайшла некалькі прычын, каб паехаць з Польшчы назад у Беларусь.

Галоўнай з іх стала жыллё. За 50-метровую кватэру ў варшаўскім раёне Макотаў муж і жонка плацілі 1500 даляраў у месяц. Яшчэ 170 даляраў каштавала абслугоўванне (чынш), асобна аплачвалася электрычнасць. Пры выездзе пара мусіла дадаткова заплаціць 500 даляраў за спажытую ваду.

Таксама дзяўчыне падаліся высокімі цэны на прадукты. Яна прывяла ў прыклад яйкі, якія ў Беларусі каштуюць у эквіваленце каля 4 злотых за ўпакоўку, а ў Польшчы, па яе словах, — ад 10-11.

Каця звярнула ўвагу і на тое, што з-за розніцы ў часе паміж Беларуссю і Польшчай (зімой яна складае дзве гадзіны) у Польшчы цямнее раней — «у 15.30 ужо цёмна».

Акрамя таго, дзяўчыну не задаволіла таксі. Паводле яе слоў, яны з мужам нават набылі новую машыну BMW X3 2023 года.

«Таксісты проста жахлівыя. Яны ездзяць вельмі дрэнна, парушаюць правілы. Таксі вельмі дарагое. Машыны брудныя, пахнуць цыгарэтамі», — апісвае беларуска.

Але асабісты транспарт не заўсёды выратоўвае: а трэцяй гадзіне дня, калі заканчваецца працоўны дзень, па назіраннях дзяўчыны, Варшава стаіць у заторах.

Не прывыклі да сэрвісу і дастаўкі

Не спадабалася сям'і і тое, што розныя супрацоўнікі кампаній могуць па-рознаму падыходзіць да рашэння аднаго і таго ж пытання. Напрыклад, у адным аддзяленні банка беларусам адмаўляліся адкрыць рахунак, а ў іншым — адкрывалі. З такім жа супярэчлівым падыходам у абслугоўванні сям'я Каці сутыкнулася і ў аўтасалоне.

Яна звярнула ўвагу на нізкую якасць сэрвісу ў службах падтрымкі і дастаўкі, а таксама на дрэннае стаўленне некаторых палякаў да беларусаў.

Работа кур'ерскіх службаў стала асобным расчараваннем:

«Дастаўка кур'ерам прызначаецца на цэлы дзень. То бок вы павінны сядзець дома і чакаць кур'ера».

Мінэканомікі: Айцішнікі вяртаюцца ў Беларусь

Пратасевіч: У нас у цэху мужыкі-зваршчыкі зарабляюць па 9-10 тысяч рублёў

«У Wargaming працавала шмат ватнікаў і ябацек». Папулярны IT-блогер патлумачыў, чаму менавіта там

Айцішнік пасля 3+ гадоў у EPAM стаў афіцыянтам. Працу ў ІТ так і не знайшоў

Айцішнік з EPAM, які жыве ў ЗША, наведаў Беларусь. Цяпер яму пагражае да сямі гадоў калоніі

Nashaniva.com