Выдавецтва «Янушкевіч» атрымала прэстыжную амерыканскую прэмію
Асацыяцыя амерыканскіх выдавецтваў абвясціла аб прысуджэнні прэміі Freedom to Publish беларускаму выдавецтву «Янушкевіч», якое цяпер працуе ў выгнанні. Паводле меркавання асацыяцыі, выдавецтва «прадэманстравала мужнасць і стойкасць у абароне свабоды слова».
27.09.2024 / 21:17
Андрэй Янушкевіч. Фота: Радыё «Унэт»
«Кіраўнікі выдавецтва «Янушкевіч» прайшлі праз цэнзуру, падвяргаліся турэмнаму заключэнню і вытрымалі выгнанне. І ўсё гэта дзеля сваёй місіі — забяспечыць чытачам літаратуру на беларускай мове», — адзначыла Марыя Палантэ, генеральная дырэктарка і прэзідэнтка асацыяцыі.
Выдавецтва «Янушкевіч» было заснавана дзесяць гадоў таму гісторыкам Андрэем Янушкевічам і хутка стала адным з найбольш плённых і прэстыжным у сферы незалежнага беларускага кнігавыдавецтва. Але, як і ў большасці іншых падобных выдавецтваў, пасля 2020 года ў яго таксама пачаліся праблемы.
У маі 2022 года Янушкевіч адкрыў у Мінску кніжны магазін «Кнігаўка», але ўжо на наступны дзень у яго прыйшлі прапагандысты і сілавікі. Андрэй Янушкевіч быў затрыманы і адбыў за кратамі 28 сутак, пасля чаго выехаў за мяжу і аднавіў дзейнасць выдавецтва ў эміграцыі.
Цяпер у Варшаве існуе адноўленая кнігарня «Кнігаўка», а выдавецтва «Янушкевіч» працягвае рэгулярна публікаваць кнігі на беларускай мове.
Дзеячы культуры падвялі вынікі года і далі прагнозы — вельмі супярэчлівыя