«Белавія» прадае апошні канадскі самалёт са свайго авіяпарку

Беларуская кампанія «Белавія» выставіла на таргі апошні са сваіх пяці самалётаў канадскай вытворчасці Bombardier. Аўкцыён на электроннай гандлёвай пляцоўцы «ІПМ-Торгі» пачаўся 25 верасня і павінен завяршыцца 24 кастрычніка, піша тэлеграм-канал «ОтВинта | Авіяцыя Беларусі».

27.09.2024 / 18:36

Самалёт CRJ-100 1999 года выпуску выстаўлены на продаж без рухавікоў. Апошнія 5 гадоў самалёт не выкарыстоўваўся і знаходзіўся на захаванні. Пры гэтым «працаздольнасць вузлоў і агрэгатаў не правяралася», а пры наступным інструментальным кантролі і дыягностыцы «магчымае выяўленне схаваных дэфектаў».

«Белавія» набыла гэты самалёт у 2007 годзе, а датуль ён знаходзіўся ў парку авіякампаній з Францыі, Германіі, Канады і ЗША.

Стартавая цана на самалёт вызначаная на ўзроўні 2,92 млн рублёў (прыкладна 910 тыс. долараў). Кожны крок на аўкцыёне роўны 146 тыс. рублям. Акрамя канчатковай цаны, пераможцу аўкцыёну прыйдзецца аплаціць фіксаваную суму за ўдзел у таргах у памеры 500 рублёў, а таксама суму ўзнагароды арганізатару таргоў — 0,5% ад цаны продажу лота.

Дадаткова пакупніку давядзецца ўзяць на свой кошт пагрузку і транспартаванне самалёта, бо ні прадавец, ні арганізатар аўкцыёну такіх паслуг не аказваюць.

Прычынай продажу CRJ-100 называецца тое, што беларускі перавозчык вырашыў адмовіцца ад самалётаў Bombardier, фактычна выведзеных з парку ў 2018 годзе, на карысць «больш сучасных і эканамічных» самалётаў.

Раней у «Белавія» былі яшчэ чатыры самалёты канадскай вытворчасці. Адзін з іх быў страчаны ў 2008 годзе ў выніку аварыі з абледзяненнем крыла на рэйсе Ерэван-Мінск, два ў 2020 годзе вярнулі лізінгадаўцу, а адзін у 2023 годзе быў перададзены ў навучальны авіяцыйна-тэхнічны цэнтр Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. 

Вячорка пракаментаваў словы Яшына пра тое, што Лукашэнка мяняе палітвязняў на дэталі для самалётаў

Яшын: Лукашэнка абменьвае палітвязняў на дэталі для самалётаў «Белавія»

Самы першы замежны самалёт «Белавія» быў прададзены Ірану амаль тры гады таму. Але пацвердзілася гэта толькі зараз

«Белавія» спрабавала закупіць новыя самалёты, але кітайскія дарагія, а расійскія непрыдатныя для далёкіх палётаў

Nashaniva.com