«Гэтая краіна праходзіць скрозь пекла». Трамп сустрэўся з Зяленскім і пахваліўся добрымі адносінамі з Пуціным

А яшчэ кандыдат у прэзідэнты ЗША сказаў, што хутка вырашыць пытанне з вайной, калі выйдзе на выбарах.

27.09.2024 / 18:15

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп. Фота: Julia Demaree Nikhinson/AP

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з кандыдатам у прэзідэнты ЗША Дональдам Трампам. Сустрэча палітыкаў адбылася ў Trump Tower у Нью-Ёрку. Трамп заявіў, што для яго гонар сустрэцца з украінскім лідарам, піша The Guardian.

«Для нас вялікі гонар бачыць прэзідэнта сярод нас, ён шмат перажыў. Ён перажывае каласальныя цяжкасці», — сказаў Трамп, дадаўшы: «Мы правядзём абмеркаванне і паглядзім, да чаго можна прыйсці».

Экс-прэзідэнт ЗША назваў пеклам сітуацыю ў Украіне. «Гэтая краіна праходзіць скрозь пекла… Я ніколі не бачыў нічога падобнага на гэтую жахлівую сітуацыю», — адзначыў ён, гаворачы пра Украіну.

Трамп таксама адзначыў, што ў яго добрыя адносіны з Зяленскім, і пахваліўся вельмі добрымі адносінамі з Уладзімірам Пуціным. «Я думаю, калі мы пераможам, мы вельмі хутка вырашым гэтае пытанне», — сказаў Трамп, маючы на ўвазе вайну Расіі супраць Украіны. Зяленскі ў адказ выказаў надзею, што іх з Трампам адносіны будуць лепшыя, чым у Трампа з Пуціным.

«Я думаю, у нас ёсць агульны погляд на тое, што вайна ў Украіне павінна быць спыненая, і Пуцін не можа перамагчы. Украіна павінна перамагчы. І я хачу абмеркаваць з вамі дэталі плана перамогі», — адзначыў прэзідэнт Украіны, звяртаючыся да Трампа.

Напярэдадні Зяленскі сустрэўся з канкурэнткай Трампа Камалай Харыс і прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Трамп раней на перадвыбарчым мітынгу заявіў, што «Украіны больш няма». Па ягоным меркаванні, на аднаўленне ўкраінскіх гарадоў пасля вайны не хапіць грошай. У той жа час ён яшчэ раз раскрытыкаваў адміністрацыю Байдэна за падтрымку Кіева ў вайне.

У Белым доме паабяцалі, што Расія не пераможа Украіну

Трамп: Украіны больш няма

Зяленскі распавёў Генасамблеі ААН, якога «рэальнага міру» хоча Украіна

«Прымусіць Расію да міру немагчыма». Пяскоў — пра выступ Зяленскага ў Радзе Бяспекі ААН

Nashaniva.com