Жыхарам трох раёнаў Мінска з-за аварыі рэкамендуюць выкарыстоўваць падвозную ваду

Зараз праводзіцца прамыванне сетак у зоне аварыі.

27.09.2024 / 14:18

Архіўнае фота Tut.by

Насельніцтву трох раёнаў Мінска з-за магчымага пагаршэння якасці вады з-за аварыі рэкамендавана выкарыстоўваць падвозную або бутэляваную ваду, паведамляе БелТА.

Сіламі Мінскводаканала праводзіцца прамыванне сетак у зоне аварыі. Спецыялісты дзяржсаннагляду праводзяць кантроль за гатаваннем ежы і выкананнем умоў асабістай гігіены ва ўстановах адукацыі на тэрыторыях у зоне ўплыву аварыі.

Для пітных мэтаў, гатавання ежы і захавання правілаў асабістай гігіены насельніцтву Заводскага, Ленінскага, Кастрычніцкага раёнаў рэкамендуецца выкарыстоўваць падвозную або бутэляваную ваду.

Санітарна-эпідэміялагічная служба сумесна з УП «Мінскводаканал» пры атрыманні інфармацыі, што работы па ліквідацыі аварыі скончаны, плануе адабраць пробы вады ў зоне ўплыву. Будуць праведзены лабараторныя даследаванні па паказчыках бяспекі па хімічным складзе і паказчыках мікрабіялагічнай бяспекі.

Аварыйная сітуацыя адбылася напярэдадні вечарам. З-за пашкоджання адбылося зніжэнне ціску ў гэтых раёнах Мінска. У 23.30 пашкоджанне было лакалізавана. У 0.15 водазабеспячэнне адноўлена. Паведамлялася аб магчымым пагаршэнні якасці водазабеспячэння на гэтых адміністрацыйных тэрыторыях.

Nashaniva.com