Жыхарка Гродна пазнаёмілася ў Інтэрнэце з «вайскоўцам з ЗША» — і аддала яму 90 тысяч рублёў

Невядомы распавядаў, што служыць у Емене і вельмі хоча вярнуцца дадому да дачкі.

27.09.2024 / 13:59

Жыхарцы Гродна ў Skype напісаў мужчына — ён прадставіўся вайскоўцам з ЗША, які знаходзіцца ў Емене. Беларуска вырашыла пагутарыць з незнаёмцам.

Суразмоўца распавёў 33-гадовай жанчыне, што сам у разводзе, у яго ёсць дачка, дзяліўся іншымі падрабязнасцямі асабістага жыцця. Зносіны доўжыліся чатыры месяцы, мужчына аказваў беларусцы розныя знакі ўвагі.

Калі іх адносіны сталі даверлівымі, ён папрасіў напісаць заяву, што яна з'яўляецца яго нявестай. Нібыта гэты крок дазволіў бы скасаваць кантракт і вярнуцца да дачкі. Жанчына пагадзілася.

Неўзабаве яна атрымала на пошту трывожнае паведамленне: у лісце гаварылася, што яе суразмоўцу затрымалі, і неабходна сабраць грошы на заклад. Потым «амерыканец» нібыта трапіў у бальніцу — на лячэнне таксама патрэбныя былі грошы. У выніку, жанчына ў некалькі этапаў перавяла на крыптакашалёк 90 тысяч рублёў.

Для пераканаўчасці легенды «ваенны з ЗША» перадаў беларусцы лагін і пароль ад асабістага кабінета ў інтэрнэт-банкінгу, які, зразумела, быў заблакаваны, уся перапіска вялася на англійскай мове, мужчына абяцаў вярнуць грошы.

Але цуду не адбылося, жанчына зразумела, што новы знаёмы аказаўся ашуканцам, пра што паведаміла ў міліцыю.

Nashaniva.com