Лукашэнка на сустрэчы са студэнтамі паказаў свой мабільнік

І нават патэлефанаваў.

27.09.2024 / 13:25

Фота БелТА

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са студэнтамі ВНУ інжынерна-тэхнічнага профілю ў БДУІР паказаў свой мабільны тэлефон закрытай сувязі, піша БелТА.

Палітык нават зрабіў званок, каб паказаць, як працуе гэтая прылада.

Паводле яго слоў, у гэтым тэлефоне выкарыстоўваецца распрацоўка КДБ, якая не дазваляе праслухаць размову — размова кадзіруецца, а ў эфіры пры спробе перахопу размовы чутныя гукі, падобныя з бульканнем, дэшыфруецца яна толькі пры атрыманні сігналу на іншым такім жа апараце.

Такі ж службовы мабільнік, як у Лукашэнкі, і ў Наталлі Эйсмант. Скрын відэа тг-канала «Пул першага»

У сілу такіх асаблівасцяў прылада даволі масіўная, але ідзе праца над тым, каб зрабіць яе больш кампактнай. Лукашэнка растлумачыў, што тэлефон не знаходзіцца непасрэдна пры ім, ён у ад'ютанта.

Размаўляць па закрытай сувязі з ім могуць каля 70 чалавек. Трапіць у гэты пералік можна толькі з асабістай санкцыі кіраўніка дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускую распрацоўку ўжо набылі некаторыя краіны. 

Nashaniva.com