У Белым доме паабяцалі, што Расія не пераможа Украіну
Уладзімір Зяленскі сустрэўся ў Белым доме з прэзідэнтам Джо Байдэнам і віцэ-прэзідэнтам Камалай Харыс.
27.09.2024 / 07:12
Фота: Susan Walsh / AP
Джо Байдэн паабяцаў у чацвер, што Расія «не пераможа» ў вайне ва Украіне, падчас візіту ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў Белы дом, піша «Голас Амерыкі».
«Расія не пераможа», — заявіў амерыканскі лідар, які прыняў Зяленскага ў Авальным кабінеце за 39 дзён да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, якія абяцаюць быць надзвычай напружанымі і ад якіх залежыць будучыня падтрымкі Кіева.
Каб дапамагчы Украіне выйграць гэтую вайну, амерыканскі прэзідэнт абвясціў раніцай у чацвер аб павелічэнні вайсковай дапамогі — пры гэтым нічога не сказаўшы аб дазволе на выкарыстанне Кіевам ракет вялікай далёкасці, вырабленых у ЗША, для ўдараў па Расіі.
Уладзімір Зяленскі вітаў гэтую аб'яву, заявіўшы, што яна дапаможа ягонай краіне дасягнуць перамогі ў вайне супраць Расеі.
Акрамя таго, Джо Байдэн заклікаў правесці саміт на высокім узроўні ў Германіі з удзелам 50 краін-саюзнікаў Украіны для каардынацыі намаганняў.
Джо Байдэн, які з'яўляецца ключавой фігурай у заходняй падтрымцы Украіны з моманту расійскага ўварвання ў лютым 2022 года, вырашыў вылучыць Кіеву яшчэ $8 мільярдаў дапамогі.
Затым Уладзімір Зяленскі правёў перамовы з віцэ-прэзідэнтам і кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі Камалай Харыс, якая абяцае працягнуць палітыку цяперашняга прэзідэнта ў дачыненні да Украіны.
«Мая падтрымка ўкраінскага народа непахісная», — заявіла Камала Харыс у чацвер падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
«У нашай краіне ёсць людзі, якія хочуць прымусіць Украіну адмовіцца ад вялікіх участкаў яе суверэннай тэрыторыі, патрабуюць, каб Украіна абвясціла нейтралітэт і адмовілася ад ваенных сувязяў з іншымі краінамі. Гэта тыя ж самыя прапановы, якія зрабіў Пуцін, і гэта не прапановы аб міры. Гэта прапановы аб капітуляцыі, што небяспечна і безадказна», — дадала яна, намякаючы на свайго суперніка-рэспубліканца Дональда Трампа.
Раніцай украінскага прэзідэнта прынялі ў Кангрэсе лідары Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый у Сенаце, Мітч Мак-конэл і Чак Шумер.
Украінскі прэзідэнт раскрыў асноўныя моманты свайго плана перамогі лідарам Сената, гаворыцца ў прэс-рэлізе аб сустрэчы, апублікаваным яго офісам.
Аднак ён не адказаў на пытанне журналіста пра тое, ці збіраецца ён сустрэцца з былым прэзідэнтам і кандыдатам у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі Дональдам Трампам, які быў яго лютым крытыкам.
Уладзімір Зяленскі прыбыў у Вашынгтон, каб прадставіць свой план на наступны дзень пасля таго, як Уладзімір Пуцін абвясціў пра намер змяніць дактрыну Расіі ў выкарыстанні ядзернай зброі.
Гэта стане адказам на агрэсію супраць Расіі з боку няядзернай краіны, але з удзелам або падтрымкай ядзернай дзяржавы», — заявіў расійскі прэзідэнт.