Былы палітвязень расказаў пра цяжкі стан здароўя Аляксандра Фядуты

Былы палітвязень Аляксей Кірэеў расказаў «Радыё Свабодзе», што Аляксандр Фядута пахудзеў за кратамі на 30 кілаграмаў.

26.09.2024 / 15:05

Аляксандр Фядута падчас суда. Фота: БелТА

У калоніі №15, адкуль мінулым месяцам вызваліўся Кірэеў, сядзіць Аляксандр Фядута. Вядомага літаратуразнаўцу і палітолага асудзілі на 10 гадоў нібыта за «змову з мэтай захопу ўлады».

Паводле слоў Аляксея Кірэева, зняволеным забаронена кантактаваць з Фядутам, таму большасць часу ён «сядзіць у курылцы адзін».

«Там усе ведаюць: хто з ім загаворыць, таго адправяць у ШІЗА», — гаворыць Аляксей Кірэеў. Аднак яму ўсё ж удавалася «перакінуцца некалькімі словамі» з Фядутам, бо абодва апынуліся ў падобных умовах праз стан здароўя.

«На Вялікдзень, калі я сядзеў у ШІЗА, у мяне здарыўся інсульт, знік зрок на адным воку — адарваўся сасудзік. Таму мяне на «промку» ўжо не бралі, сядзеў у атрадзе. І Аляксандр Фядута, як у яго пагаршаўся стан здароўя, таксама заставаўся ў атрадзе. Вось тады і ўдавалася крыху пагаварыць, хоць і хаваючыся. Пра сябе ён казаў коратка: «Цяжка, але трымаюся, змагаюся».

Аляксей сцвярджае, што цяжкі стан здароўя Фядуты відаць і па ім.

«Ведаю, што ў яго ціск, сэрца. Раней назіраў, як раніцай, калі ўсе выйшлі на працу, яму раптам станавілася блага, хапаўся за агароджу, каб не ўпасці. Потым яго вялі ў медчастку, на тры дні давалі вызваленне ад працы, на «промцы» яго не было.

Але ў іншыя дні ён мусіць працаваць — падмятае ў цэху пасля таго, як работы закончацца. Відаць, што стамляецца, яму цяжка. Сам казаў, што схуднеў на 30 кілаграмаў. Дык гэта відаць — скура на ім вісіць».

Кірэеў расказаў пра ўмовы, у якіх знаходзіцца Аляксандр Фядута.

«Тое ж, што ва ўсіх. Ведаю, што атрымлівае перадачы, ёсць званкі, кароткія спатканні. Сёлета ляжаў у шпіталі ў Калядзічах. Часта выклікаюць на размовы. Але вонкава — трымаецца», — падсумаваў свой расповед пра Аляксандра Фядуту Аляксей.

Nashaniva.com