Міністр абароны Польшчы: Cітуацыя на мяжы з Беларуссю сур'ёзная, ціск узмацніўся
Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што пасля жнівеньскага зацішша колькасць спробаў нелегальна перасекчы беларуска-польскую мяжу ўзрасла.
26.09.2024 / 13:35
Фота: AP Photo/Czarek Sokolowski
Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш назваў сур'ёзнай сітуацыю, якая складваецца на мяжы з Беларуссю. Паводле яго слоў, ціск на мяжы ў апошнія тыдні ўзмацніўся, піша wiadomosci.radiozet.pl.
«Сітуацыя сур'ёзная. У апошнія тыдні ціск на мяжы ўзрос. Пасля ліпеня і жніўня, якія былі адносна спакойнымі месяцамі, верасень прынёс рост колькасці нелегальных перасячэнняў мяжы», — адзначыў Касіняк-Камыш.
У верасні зафіксавана больш за 2,5 тысячы спробаў незаконна перасекчы мяжу і больш за 26 000 за апошнія дзевяць месяцаў. гэта столькі ж, колькі і за ўвесь 2023 год.
Міністр абароны распавёў, што памежнікі затрымліваюць кантрабандыстаў і выкрываюць маршруты перамяшчэння мігрантаў.
«Мы будзем з гэтым змагацца бязлітасна. Гэта парушэнне закона і пагроза бяспецы польскай дзяржавы», — дадаў Касіняк-Камыш.
У аперацыі «Бяспечнае Падляшша», якая праводзіцца на мяжы з Беларуссю, удзельнічаюць 17 тысяч вайскоўцаў, памежнікаў і паліцэйскіх.