У Оршы затрымалі гангстара са Смаленска

31-гадовы расіянін на радзіме кашмарыў бізнэс, займаўся збіццём і выкраданнямі людзей.

26.09.2024 / 11:58

Скрыншот відэа МУС

Сілавікі затрымалі ў Оршы грамадзяніна Расіі, які знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку за ўдзел у арганізаванай злачыннай групоўцы. 31-гадовы расіянін у Беларусі хаваўся ад расійскіх сілавікоў, ён прыняў усе меры канспірацыі.

Паводле звестак МУС, мужчына быў удзельнікам злачыннай групоўкі, якая кашмарыла бізнэс у Смаленску. 

Напрыклад, у лістападзе 2018 года групоўка збіла бізнэсоўца, каб забраць ягоную маёмасць. Не дасягнуўшы сваёй мэты, неўзабаве бандыты расстралялі пацярпелага з траўматычнай зброі. Ён цудам застаўся жывы.

У верасні 2019 года мужчына разам са змоўшчыкамі выкралі непаўналетнюю дачку іншага прадпрымальніка з мэтай пераафармлення на падстаўных асоб яго бізнесу.

Цяпер затрыманы змешчаны пад варту, вырашаецца пытанне аб яго выдачы ў Расію.

Nashaniva.com