Літоўскі блогер наведаў Мінск — і вось які раён назваў найлепшым
Блогер-пачатковец Memellander з Клайпеды цэлы тыдзень правёў у Беларусі. Днямі на яго канале выйшаў ролік, дзе ён расказаў пра два кантрастныя раёны Мінска — самы горшы і самы прэстыжны. Выбар раёнаў выклікаў шквал каментароў пад ролікам.
26.09.2024 / 16:19
Фота: скрыншот з відэа на канале Memellander
Званне найгоршага раёна беларускай сталіцы атрымала Чыжоўка. Але, як кажа сам аўтар відэа, гэта не ён сам прыдумаў, а такі адказ выдаў яму Гугл.
Пошукавая сістэма прывяла яго на артыкул ад 2019 года, апублікаваны на сайце banana.by.
«Чыжоўка, як і сам Заводскі раён, лічыцца цэнтрам крымінальных элементаў. Гэтым раёнам у Мінску дзяцей палохаюць. Многія лічаць, што тут жывуць толькі тыя, хто схільны да празмернага спажывання алкаголю і злачынных дзеянняў. Часцей за ўсё ў гэтай частцы сталіцы рэгіструюць крадзяжы, рабаванні і хуліганствы», — гаворыцца ў артыкуле, на які спасылаецца госць з Літвы.
Фота: скрыншот з відэа на канале Memellander
Пасля 20-хвіліннага шпацыру па «самым горшым» раёне Мінска блогер накіраваўся ў «самы лепшы». Ім нечакана аказаўся «Мінск-Свет».
«Так, мы прыехалі ў дарагі раён Мінска», — казаў блогер, пакуль здымаў «Мінск-Свет» з салона машыны.
Дзе ён адшукаў інфармацыю пра элітарнасць гэтага раёна, застаецца загадкай.
Фота: скрыншот з відэа на канале Memellander
«Пагуляем, паглядзім, як выглядаюць прэстыжныя раёны Мінска», — з такіх слоў пачаўся шпацыр па дварах мікрараёна.
Амаль на першых кроках блогер адзначыў, што аўтамабілі на паркоўках стаяць простыя.
Калі ў Чыжоўцы блогер казаў пра тое, што людзей у дварах мала і асноўны кантынгент, якія яму сустракаўся, — бабулі на лаўках, то ў «Мінск-Свет» было шмат маладых сем'яў і дзяцей.
Літоўскі падарожнік звярнуў увагу і на тое, як адрозніваюцца дзіцячыя пляцоўкі. Калі ў Чыжоўцы гэта былі пляцоўкі савецкага ўзору, то ў «Мінск-Свет» — больш сучасныя, падобныя да тых, што можна ўбачыць у Літве.
Таксама ён звярнуў увагу на адсутнасць дрэў і іншай зеляніны ў раёне.
Фота: скрыншот з відэа на канале Memellander
Каментатары не пагадзіліся з такой ацэнкай раёнаў
Праз даволі спрэчную ацэнку раёнаў беларускай сталіцы пад відэа назбіралася шмат каментарыяў ад беларусаў, якія не пагадзіліся з меркаваннем літоўца. Вось некаторыя з іх.
«Самае страшнае, што можа адбыцца з чужынцам у Чыжоўцы — гэта каштан, які ўпаў на галаву», — гучыць самы папулярны каментар пад відэа.
«Што за бздура? Гугл выдаў суцэльную лухту. Усё хлусня», «Чыжоўка — не найгоршы раён Мінска, а «Мінск-Свет» далёка не найлепшы», — пішуць іншыя.
Многія адзначылі ў каментарах, што інфармацыя пра Чыжоўку калі і была актуальная, то толькі для 1980-1990-х гадоў.
Да ацэнкі «Мінск-Свет» таксама шмат пытанняў:
«Зусім не найлепшы раён. Раён для моладзі з адносна даступным жыллём. Дамы велізарныя і нязручныя».
«Не ведаю, як цяпер, але ў «Мінск-Свет» раней прадавалі самыя танныя кватэры», — адзначаюць іншыя.
Адзін з карыстальнікаў напісаў, што дарма аўтар даверыўся Гугл.
Таксама знайшоўся каментатар, які параіў ацэньваць аўтамабілі ў Беларусі з улікам іх цаны, а не толькі знешнасці:
«Вы калі на машыны глядзіце і кажаце «звычайныя», то трымаеце ў галаве, што ў нас загараджальныя пошліны на аўто і гэтыя машыны нам каштуюць на парадак даражэй, чым вам».
Фота: скрыншот з відэа на канале Memellander
На што блогер з Літвы адказаў, што разумее пра цэны, але глядзіць на іх вачыма жыхара Літвы.
«Вачыма жыхара Літвы гэтыя машыны даволі такі старыя. І гэта незвычайна», — адказаў літовец.
Сярод іншага каментатары адзначаюць, што блогер блытае ўваходы ў метро з падземнымі пераходамі (магчыма, гэта таму, што ў Літве метро няма).
«У самым пачатку роліка — мікрараён Серабранка. І проста падземны пераход, гэта яшчэ не метро. Каля метро заўсёды можна ўбачыць чырвоную літару «М», — звяртае ўвагу адзін з каментатараў.