Ганна Лукашэнка і Эйсмант расказалі, як пройдзе «Марафон адзінства»
«Марафон адзінства» пачнецца 11 кастрычніка з Маладзечна, паведаміла на прэс-канферэнцыі кіраўніца працоўнай групы па падрыхтоўцы акцыі Ганна Лукашэнка, яна ж аўтарка прапагандысцкіх песень, якія яна піша пад псеўданімам Ганна Сялук.
25.09.2024 / 17:21
«Марафон у выглядзе канцэртаў і лакальных мерапрыемстваў даедзе ў кожны рэгіён краіны. Як правіла, гэта будзе двухдзённая праграма», — адзначыла Ганна Лукашэнка.
Першым пунктам маршруту стане Маладзечна, дзе 11—12 кастрычніка пройдуць фестывальныя мерапрыемствы. Усяго ж плануецца ахапіць 13 гарадоў: Брэст, Баранавічы, Пінск, Гродна, Ліду, Салігорск, Гомель, Жлобін, Маладзечна, Бабруйск, Магілёў, Віцебск і Оршу.
Прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант сказала, што «Марафон адзінства» — працяг канцэрта 17 верасня.
«Канцэрт, які прайшоў 17 верасня, вельмі спадабаўся прэзідэнту і гледачам, і нарадзілася ідэя, каб яго ў крыху адаптаваным выглядзе ўбачыла ўся краіна», — сказала яна.
Усе мерапрыемствы акцыі, у тым ліку канцэртныя, будуць бясплатныя для гледачоў. Колькі гэтыя прапагандысцкія мерапрыемствы ў падтрымку Лукашэнкі будуць каштаваць бюджэту, невядома.