«Прымусіць Расію да міру немагчыма». Пяскоў — пра выступ Зяленскага ў Радзе Бяспекі ААН

У Крамлі назвалі «фатальнай памылкай» меркаванне ўладаў Украіны, што Расію можна толькі «прымусіць да міру». Пра гэта на брыфінгу сказаў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, каментуючы выступ Уладзіміра Зяленскага ў ААН, піша «Медуза».

25.09.2024 / 14:27

Фота: Alexei Danichev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

24 верасня прэзідэнт Украіны заявіў на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН, што расійска-ўкраінская вайна павінна быць закончаная, а не прыпыненая або замарожаная — і Расію «можна толькі прымусіць да міру як адзінага агрэсара ў вайне і адзінага парушальніка Статута ААН».

«Пазіцыя, заснаваная на спробе прымусу Расіі да міру, з'яўляецца абсалютна фатальнай памылкай. Бо прымусіць Расію да міру немагчыма, — адказаў на гэта Дзмітрый Пяскоў. — Расія з'яўляецца прыхільніцай міру, але з умовай забеспячэння асноў яе бяспекі і выканання тых задач, якія стаяць перад СВА (так у Расіі называюць уварванне ва Украіну — НН). Без дасягнення гэтых мэтаў прымусіць Расію немагчыма».

Прадстаўнік Крамля дадаў, што пазіцыя ўладаў Украіны з'яўляецца «глыбокай памылкай, якая непазбежна будзе мець наступствы для кіеўскага рэжыму».

Nashaniva.com