Буйную літоўскую кампанію, якая мелася друкаваць «пашпарты Новай Беларусі», улады Літвы прызналі ненадзейнай
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы (VSD) прызнаў ненадзейнай адну з найбуйнейшых кампаній «Garsų pasaulis», якая, сярод іншага, друкавала літоўскія пашпарты і збіралася друкаваць «пашпарты Новай Беларусі». Раней фірму падазравалі ў супрацоўніцтве з рэжымам Лукашэнкі, піша Радыё Свабода.
25.09.2024 / 14:02
Пасля рашэння Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы Цэнтр пэрсаналізацыі дакументаў скасаваў кантракт з кампаніяй на вытворчасьць пашпартоў.
Кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайце, рэагуючы на расследаваньне літоўскіх журналістаў, апублікаванае на 15min.lt аб магчымых сувязях прадстаўнікоў «Garsų pasaulis» з рэжымам у Беларусі, зьвярнулася ў VSD з просьбай правесьці паўторную ацэнку надзейнасьці кампаніі.
«Пасьля таго, як VSD прызнаў кампанію ненадзейнай, Цэнтар пэрсаналізацыі дакумэнтаў пры Міністэрстве ўнутраных спраў скасоўвае дамову з «Garsų pasaulis» на прадастаўленне паслуг», — гаворыцца ў заяве міністэрства.
Раней у тым ліку Беларускі расследавальніцкі цэнтр высветліў, што літоўская кампанія Garsų pasaulis, якая друкавала бланкі дакументаў для грамадзян Літвы і была выбраная для друку «пашпартоў Новай Беларусі», звязаная з фірмай GP Holographics і беларускім бізнэсоўцам Віктарам Шаўцовым, набліжаным да Лукашэнкі.
Garsų pasaulis раней ужо была ўцягнутая ў карупцыйныя скандалы ў Кыргызстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Малдове. Цяпер праверку ў дачыненні да яе вядуць адначасова Служба расследавання фінансавых злачынстваў і Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы.
З 2014 года кампанія Garsų pasaulis выйграла ўсе тры тэндары на выраб блянкаў пашпартоў у Літве, апошні — у 2022 годзе, на суму звыш 30 мільёнаў еўра.