У Астравецкім раёне мужчына выпіў напой і ледзь не памёр-сваякі пералілі ў бутэльку атруту ад каларадскіх жукоў
Ніякіх пазнак яны не зрабілі.
25.09.2024 / 14:06
Фота: Дзяржкамітэт судовых экспертыз
Жыхар Астравецкага раёна выпіў атрутны раствор для барацьбы з каларадскім жуком.
52-гадовы мужчына трапіў у рэанімацыю Астравецкай ЦРБ з дыягназам «атручэнне невядомым ядам». Дактарам удалося выратаваць яго жыццё, піша БелТА.
Судовыя эксперты даследавалі вадкасць, якую выпіў мужчына, і прыйшлі да высновы, што ў ёй утрымліваецца хлорпірыфос. Гэта фосфарарганічны пестыцыд, які выкарыстоўваецца для знішчэння шкоднікаў у сельскай гаспадарцы. Рэчыва адносіцца да высоканебяспечных, яго ўжыванне можа прывесці да смерці.
Як аказалася, увечары мужчына ўбачыў у сябе на ўчастку бутэльку з напоем. Ён выпіў невялікую колькасць вадкасці і атрымаў сур'ёзнае атручванне.
У бутэльцы быў раствор атруты для каларадскага жука. Хімічны сродак у бутэльку з-пад прахаладжальнага напою з завадской этыкеткай пералілі сваякі мужчыны. Ніякіх апазнавальных знакаў на ёмістасці яны не пакінулі.