Прэм'еру Славакіі Фіцу даслалі канверт з куляй

У маі ў Фіцу стралялі пасля выязнога пасяджэння ўрада, і ён быў цяжка паранены.

25.09.2024 / 12:37

Роберт Фіца. Скрыншот відэа

У сераду прэм'ер-міністру Славакіі Роберту Фіцу даставілі канверт, у якім была куля. Пра гэта паведамілі aktuality.sk.

«Мы можам пацвердзіць, што канверт з куляй, адрасаваны прэм'ер-міністру Славакіі, сёння быў дастаўлены ва ўрадавую канцылярыю», — паведамілі ў прэс-службе славацкага ўрада.

Як адзначыла выданне, цяпер атрыманы канверт правяраюць супрацоўнікі ўпраўлення абароны службовых асоб і дыпламатычных місій Славакіі. 

Нагадаем, у маі ў Фіцу стралялі ў горадзе Гандлёва пасля выязнога пасяджэння ўрада.

Са слоў сведак, якія былі на месцы здарэння, прэм'ер падышоў да людзей, якія віталі яго, і менавіта тады пачулася некалькі стрэлаў. Паводле звестак СМІ, Фіцу паранілі ў грудзі і жывот.

Nashaniva.com