У Мінску п'яны мужчына штурхнуў у раку двух дзяцей

Двое школьнікаў 2013 і 2014 гадоў нараджэння былі на прагулцы каля ракі Лошыца.

25.09.2024 / 11:15

Дзеці ішлі, перакідваючыся мячом, калі да іх падышоў п'яны 55-гадовы мужчына, пішуць Мінск-Навіны.

Ён заявіў аднаму з хлопчыкаў, што зараз той будзе ныраць за мячом, адабраў яго і кінуў у раку. Хлопчыкі вылавілі мяч, і мужчына зноў паўтарыў свае дзеянні.

Пасля гэтага схапіў за шыю школьніка, які стаяў бліжэй, прыўзняў яго і кінуў у ваду, а затым штурхануў у раку і другое дзіця. Калі дзеці выбраліся з вады і пачалі ўцякаць, мужчына крычаў ім нецэнзурныя словы.

Хлопчыкі распавялі пра здарэнне бацькам, якія звярнуліся ў міліцыю. Хулігана затрымалі, аднак віну ён не прызнаў.

Мінчука будуць судзіць, яму пагражае да 6 гадоў турмы. Раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці 10 разоў і мае не пагашаную судзімасць.

Nashaniva.com