У Трампа кажуць, што не планавалі яго сустрэчы з Зяленскім

Раней паведамлялася, што прэзідэнт Украіны падчас візіту ў Нью-Ёрку павінен сустрэцца і з Камалай Харыс, і з Дональдам Трампам.

25.09.2024 / 07:20

Фота: Rebecca Blackwell / AP

Паводле звестак СМІ, сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа не запланаваная, піша «Украінская праўда» са спасылкай на Associated Press

«Прадстаўнік штаба Трампа заявіў у аўторак, што кандыдат ад рэспубліканцаў не сустрэнецца на гэтым тыдні з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, які знаходзіцца з візітам у ЗША для ўдзелу ў адкрыцці Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый», — гаворыцца ў публікацыі.

Выданне адзначае, што, па словах чыноўніка, які паведаміў на ўмовах ананімнасці, ніводнай сустрэчы паміж імі не было запланавана, нягледзячы на заяву ўкраінскіх чыноўнікаў на мінулым тыдні, у якой гаварылася пра тое, што Зяленскі планаваў сустрэцца з былым прэзідэнтам ЗША.

У публікацыі таксама гаворыцца пра тое, што ў аўторак Дональд Трамп пахваліў вайсковы досвед Расіі ў гістарычных канфліктах і высмеяў амерыканскую дапамогу Украіне, чарговым разам запэўніўшы, што ў выпадку абрання прэзідэнтам ён хутка завершыць вайну, распачатую Масквой.

Выступаючы ў Саване, штат Джорджыя, Трамп высмеяў частае паўтарэнне прэзідэнта Джо Байдэна аб тым, што ЗША будуць падтрымліваць украінскія ўзброеныя сілы, пакуль Кіеў не выйграе вайну.

Nashaniva.com