«Беларуснафта» судзіцца за непастаўку абсталявання адразу з некалькімі заходнімі кампаніямі
На адзін і той жа дзень, 26 верасня, у Эканамічным судзе Гомельскай вобласці прызначаныя тры працэсы па пазовах ПА «Беларуснафта» да замежных прадпрыемстваў, заўважыў «Флагшток». Адказчыкамі пазначаныя фірмы Drillmec SPA, Forum energy technologies (UK) Ltd і Sercel S. A. S.
24.09.2024 / 21:10
Фота: «Беларуснафта»
Гэта фірмы-вытворцы, удакладніў для «Флагштока» адзін з былых спецыялістаў прадпрыемства. У прыватнасці, Sersel вырабляе сейсмічнае абсталяванне, Drillmec — свідравальныя ўстаноўкі. Цяпер гэтае абсталяванне замяняюць кітайскім.
Прадмет спрэчкі — «аб невыкананні або неналежным выкананні абавязацельстваў па дамовах куплі-продажу пастаўкі тавараў»: недапастаўка, несвоечасовая пастаўка, разлікі за прадукцыю, тавары ці паслугі.
Верагодна, што гаворка ідзе пра непастаўленне заходнімі высокатэхналагічнымі кампаніямі тавараў або паслуг беларускаму нафтаздабыўному прадпрыемству ў выніку накладання на яго санкцый.
У 2021 годзе Еўрасаюз унёс гомельскую кампанію ў санкцыйны спіс, што стварыла праблемы, у тым ліку з закупкамі з-за мяжы.
Крыніца «Флагштока» Міхаіл (у мэтах бяспекі імя змененае), звязаны з дзейнасцю «Беларуснафты», паведаміў, што суды, відавочна, звязаныя з санкцыйнымі абмежаваннямі. Як мінімум тэхналогіі двух вытворцаў з трох выкарыстоўваюцца пры здабычы нафты ў кампаніі. Па словах крыніцы, гэта Sersel для сейсмічнай разведкі і Drillmec для бурэння свідравін.
Міхаіл таксама паведаміў, што на прадпрыемстве цяпер закупляюцца кітайскія ці расійскія аналагі заходняга абсталявання.
«Каб спісаць грошы для фінансавага балансу прадпрыемства», — выказала здагадку крыніца адносна мэты правядзення судовых працэсаў над заходнімі кампаніямі.
Паводле інфармацыі «Флагштока», Мазырскі НПЗ сутыкнуўся з падобнымі праблемамі праз санкцыі, накладзеныя на беларускую галіну нафтаперапрацоўкі: многія аплачаныя пастаўкі замарожаныя. У адным з выпадкаў на мяжы «завіслі» запчасткі на некалькі мільёнаў еўра, якія не прапускаюць праз санкцыі.
Па здабычы нафты ў Расіі «Беларуснафта» сёлета дагоніць беларускія аб'ёмы
Украінскі суд зняў арышт з маёмасці «Беларуснафты». Кіеў можа страціць не менш за 36 млн даляраў
На Гомельшчыне адкрылі новае радовішча нафты. Лукашэнка загадваў гэта зрабіць месяц таму