Расійскі вайсковы карабель адкрыў агонь па нарвежскім судне ў Арктыцы

Расійскі вайсковы карабель запатрабаваў ад нарвежскага рыбалоўнага судна пакінуць раён у Паўночным Ледавітым акіяне, а калі яно гэтага не зрабіла, адкрыў папераджальны агонь. Пра гэта расказаў выданню Politico капітан пацярпелага судна Эйстэйн Ортэн, піша The Moscow Times.

24.09.2024 / 19:34

Карабель ВМФ РФ «Адмірал Леўчанка». Фота: Neill Rush (CC BY-SA 3.0)

Паводле слоў Эйстэйна Ортэна, ён разам са сваёй камандай з пяці чалавек сутыкнуўся з вялікім супрацьлодкавым караблём ВМФ РФ «Адмірал Леўчанка» 12 верасня.

«Мяне выклікалі па радыё: «Гэта расійскі вайсковы карабель, вам трэба пакінуць гэты раён». Я адказаў, што пра гэта не можа быць і гаворкі», — пераказаў Ортэн дыялог.

Пасля гэтага 163-метровы вайсковы карабель накіраваўся да 15-метровай рыбалоўнай лодкі, трубячы ў гудок і робячы папераджальны стрэл, які выбухнуў у вадзе каля нарвежскага судна.

«Гэта быў магутны выбух, нашу лодку трэсла», — сказаў Ортэн, дадаўшы, што яны хутка адплылі на бяспечную адлегласць.

Прадстаўнік Аб'яднанага штаба Узброеных сіл Нарвегіі пацвердзіў, што паміж расійскім вайсковым караблём і нарвежскім рыбалоўным суднам адбыліся перамовы па радыё, але папераджальны стрэл не быў зафіксаваны.

Інцыдэнт адбыўся ў выключнай эканамічнай зоне Нарвегіі ў Баранцавым моры, якое падзеленае паміж Нарвегіяй і Расіяй. Да гэтага расійскія вайскоўцы праводзілі ў нарвежскай эканамічнай зоне вучэнні і запускалі ракеты, што выклікала гнеў у мясцовых рыбакоў.

Украінцы здзіўляюць новымі тэхнічнымі рашэннямі: паставілі «Грады» на марскія дроны ВІДЭА

Украінцы падбілі ў Севастопалі яшчэ адзін расійскі ракетны карабель. Ён быў апошні, які мог запускаць «Калібры»

Кітай пабудаваў і хавае ў таямніцы першы ў свеце «дронаносец»

У Севастопалі ўкраінцы трапілі ракетай па «Камуне» — найстарэйшым вайсковым судне Расіі

Nashaniva.com