Суперзоркі, дасціпны гумар і заблытаныя забойствы. На экране чацвёрты сезон ледзь не дасканалага дэтэктыва
Выходзіць новы сезон «Забойстваў у адным будынку» (Only Murders in the Building) — утульнага дэтэктыва з комікам Стывам Марцінам, спявачкай Селенай Гомес і россыпам іншых топавых зорак. Чым не нагода вярнуцца да серыяла?
28.09.2024 / 13:18
Фота: кадр з трэйлера
Нагадаем, пра што гаворка. У элітным нью-ёркскім доме пад назвай «Арконія» жыве маладая мастачка Мэйбл Мора (Селена Гомес) — дзяўчына займае кватэру сваёй цёткі. Выпадкова яна знаёміцца з Чарльзам-Хейдэнам Сэвіджам (Стыў Марцін), сваім суседам і былым акцёрам, вяршыня славы якога — некалі папулярны дэтэктыўны серыял «Бразас». Да іх дваіх далучаецца Олівер Патнэм (Марцін Шорт), яшчэ адзін жыхар «Арконіі» і брадвейскі рэжысёр, кар’ера якога прыкметная хіба што шматлікімі праваламі.
Паміж Мэйбл і яе новымі сябрамі дзясяткі гадоў узроставай розніцы, але знаходзіцца нешта, што аб’ядноўвае траіх — і гэта любоў да крымінальных падкастаў. Калі ў «Арконіі», доме тройцы, здараецца забойства, Мэйбл, Чарльз і Олівер спрабуюць яго расследаваць і прысвячаюць гэтай справе ўласны крымінальны падкаст «Забойствы ў адным будынку».
Напэўна, ніколі ў «Арконіі» не было столькі злачынстваў, як пасля з’яўлення ў будынку тройцы жыхароў-расследавальнікаў. У першых двух сезонах ахвяры — гэта жыхары «Арконіі», у трэцім сезоне ахвяра прыходзіць звонку — разам з новым праектам Олівера, пастаноўкай яго п’есы «Перадсмяротны хрып».
Трэйлер чацвёртага сезона
У чацвёртым сезоне, які на экранах проста цяпер, забойства адбываецца зусім блізка да кампаніі дэтэктываў, ды і ахвяра — важны чалавек для аднаго з іх. Гэта Сас, каскадзёрка, якая шмат гадоў працавала з Чарльзам: выглядае, што яна падмяніла яго не толькі ў жыцці, то-бок на здымачных пляцоўках, але і ў смерці, бо жанчыну маглі забіць з-за яе падабенства да Чарльза.
Цяпер задача тройцы дэтэктываў — раскрыць забойства старой сяброўкі, і ў пошуках злачынцы героям давядзецца паглядзець на «Арконію» з нечаканага боку. Аказалася, што такі знаёмы дом хавае ў сабе яшчэ багата сюрпрызаў і суседзяў-фрыкаў, што і раней было адной з фішак «Арконіі»: уявіце сабе хлопца-фаната Калядаў, у якога дома круглы год навагодняя эстэтыка, або кампанію сяброў-карцёжнікаў з нечаканым сакрэтам у ванным пакоі.
Паралельна са сваім расследаваннем Чарльз, Мэйбл і Олівер спрабуюць даць рады іншай задачы, бо ў Галівудзе вырашылі зняць фільм па іх знакамітым падкасце. Акцёры галівудскай стужкі — канадскі комік Юджын Леві, яго амерыканскі калега Зак Галіфіянакіс і зорка серыялаў Ева Лангорыя, і ўсе яны з’яўляюцца ў сезоне ў ролях саміх сябе. Леві, Галіфіянакіс і Лангорыя адмаўляюцца ад таго, каб слепа капіраваць сваіх герояў, і дадаюць ім уласныя рысы, а недзе і ўступаюць у расследаванне, няхай і проста для таго, каб было, пра што расказаць на вячэры Мішэль Абаме.
Фота: кадр з трэйлера
Дарэчы, гэта не першыя топавыя зоркі, якімі нас песцяць стваральнікі «Забойстваў у адным доме». У трэцім сезоне да каманды серыяла далучылася Мэрыл Стрып — легенда, якую не трэба прэзентаваць: калі ў вас вылецела з галавы, хто гэта, пераглядзіце «Крамер супраць Крамера», «Мама мія!», «Д’ябал носіць Prada» і шмат іншых работ гэтай актрысы. Для «Забойстваў у адным будынку» Стрып ператварылася ў Ларэту, актрысу-пачаткоўку, якая заваёўвае і тэатральную сцэну, і сэрца аднаго з галоўных герояў.
Выбітна тое, як у серыяле ўзаемадзейнічаюць героі такіх розных узростаў, і з якім талентам акцёры гэта перадаюць. Мэйбл, Чарльз і Олівер прымудраюцца пазбягаць канфлікту пакаленняў і з павагай ставяцца адно да аднаго — выдатны прыклад адмовы ад стэрэатыпаў. Хімія, што дзейнічае паміж імі, не залежыць ад узросту. У нечым гэта звязана з тым, што і для Чарльза з Оліверам, і для іх маладой сяброўкі характэрная адна і тая ж апантанасць злачынствамі, востры розум, цікаўнасць да жыцця і расследаванняў. І ва ўсім гэтым няма месца стэрэатыпам, хаця Мэйбл і даводзіцца часам цярпець дзівацтвы сяброў.
Стылёвыя кадры, галівудскія іконы і якасны гумар — усё гэта стварае ў серыяле такую атмасферу, што і забойствы не так пужаюць. Тут не будзе вялікага экшна, пагоняў са стралянінай і кінематаграфічных боек, ды і як бы Марцін і Стрып далі ім рады ў свае гады? Замест гэтага трымайце чароўную атмасферу і лямпавыя жарты, што прыпраўляюць крымінальную таямніцу, і ведайце — вам захочацца яшчэ.
Выйшаў трэйлер «Чорнага замка» па рамане Уладзіміра Караткевіча ВІДЭА
Нічога святога. Паглядзелі сіквэл «Бітлджуса» і расказваем, чаго чакаць
«Ціхае месца: Дзень першы». Прыгоды коціка падчас канца свету