Зенітная ракетная брыгада ўзяла пад ахову Мазырскі НПЗ

На працягу апошняга тыдня маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» фіксавала перамяшчэнні падраздзяленняў СПА УС РБ у Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Імаверна, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, які знаходзіцца недалёка ад мяжы з Украінай, беларуская СПА ўзяла пад пастаянную ахову. 

24.09.2024 / 12:03

15 верасня ў Гомельскім раёне былі заўважаныя дзве баявыя і адна транспартна-зараджальная машына ЗРК «Тор-М2К» 15-й зенітнай ракетнай брыгады (у/ч 30151). А 16 верасня ў ваколіцах Бабруйска заўважылі адну баявую машыну ЗРК «Тор-М2К».

Батарэя ЗРК «Тор-М2К» у 15-й зенітнай ракетнай брыгадзе была сфарміравана ў студзені 2023 года. А ў жніўні 2024 года падраздзяленне прымала ўдзел у вучэннях, якія праходзілі на расійскім палігоне «Ашулук».

Частка ЗРК «Тор-М2К» прыбылі ў Мазырскі раён. Паводле інфармацыі «Беларускі Гаюн», у наваколлі н.п. Гурыны (Мазырскі раён) былі размешчаныя прынамсі дзве баявыя машыны ЗРК «Тор-М2К».

Адлегласць ад агнявой пазіцыі да Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода складае каля дзевяці кіламетраў.

Улічваючы блізкую адлегласць да НПЗ, маніторынгавая група выказвае меркаванне, што падраздзяленні выконваюць задачу па прыкрыцці завода ад сродкаў паветранага нападу, у першую чаргу, ад беспілотнікаў.

«Сам факт правядзення ратацыі падраздзяленняў СПА паказвае, што пагроза бяспекі для Мазырскага НПЗ прызнаная перманентнай. А перакідка падраздзяленняў СПА ў Мазырскі раён толькі пацвярджае гэтую здагадку», — піша «Беларускі Гаюн».

Nashaniva.com