Еўракамісар па пытаннях бяспекі і абароны заклікаў Захад рыхтавацца да нападу Расіі

Літоўскі еўрапарламентарый Андрус Кубілюс, прапанаваны на пасаду еўракамісара па пытаннях бяспекі, абароннай прамысловасці і космасу, у сваім інтэрв'ю ўплывоваму фінансаваму выданню Financial Times заявіў, што Заходняя Еўропа павінна падрыхтавацца да магчымага нападу Расіі, піша Delfi.lt.

24.09.2024 / 07:26

Палітык заклікаў краіны назапашваць боепрыпасы і запасы, заявіўшы, што гэта лепшы спосаб пашырыць зброевую прамысловасць блока і падрыхтаваць яе да вайны, якую можна чакаць у бліжэйшыя некалькі гадоў.

«Чаму мы не кіруемся крытэрыем ваеннай бяспекі, згодна з якім мы павінны назапашваць у краіне пэўную колькасць артылерыйскіх снарадаў або іншай прадукцыі, такой як выбухоўка?»— распавёў выданню дэпутат Еўрапарламента.

Сваю ідэю Кубілюс прыраўняў да Пагаднення аб прыродным газе, згодна з якім краіны павінны назапашваць рэсурсы і дзяліцца імі з суседнімі краінамі, якія выпрабоўваюць дэфіцыт газу. «Гэта павышае бяспеку дзяржаў-членаў і адначасова стварае пастаянны попыт на вытворчасць, што з'яўляецца самай вялікай праблемай для абароннай прамысловасці. У галіне не хапае стабільных доўгатэрміновых вытворчых заказаў», — заявіў А.Кубілюс.

Старшыня ЕК Урсула фон дэр Ляен у аўторак прадставіла новы склад ЕК і напрамкі палітыкі ці «партфелі», якімі яна папросіць кіраваць на працягу наступных пяці гадоў. Дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Андрус Кубілюс атрымаў партфель еўракамісара ў пытаннях абароны і космасу.

Nashaniva.com