Прэзідэнт Чэхіі не верыць у магчымасць вяртання Украінай усіх акупаваных тэрыторый

Прэзідэнт Чэхіі Пэтр Павел зноў заклікаў да «рэалізму» ў дачыненні да магчымасці вяртання Украінай акупаваных тэрыторый. Ён выказаў меркаванне, што Украіна павінна прызнаць верагоднасць таго, што некаторыя з яе тэрыторый могуць застацца пад кантролем Расіі пасля заканчэння вайны, піша «Еўрапейская праўда».

23.09.2024 / 22:59

У інтэрв'ю The New York Times прэзідэнт Чэхіі, які ў 2015-2018 гадах быў кіраўніком Вайсковага камітэта НАТА, адзначыў, што Украіна павінна быць «рэалістычнай» адносна сваіх шанцаў на вяртанне акупаваных тэрыторый.

Ён выказаў меркаванне, што найбольш верагодным вынікам вайны стане тое, што частка тэрыторыі Украіны застанецца пад расійскай акупацыяй на «часовы» перыяд, які можа працягвацца гадамі.

Павел таксама падкрэсліў, што на гэты момант нельга казаць ні пра паразу Украіны, ні пра паразу Расіі, і, на ягоную думку, канец вайны будзе дзесьці «пасярэдзіне». Ён адзначыў, што ёсць «шэраг прыкладаў» тэрыторый, якія часова ўтрымліваюцца Расіяй, хоць не ўдакладніў, якія менавіта мае на ўвазе.

Гэтая пазіцыя з'яўляецца для прэзідэнта Чэхіі паслядоўнай. Раней ён таксама заяўляў, што лічыць магчымым часовы «кампраміс» наконт акупаваных тэрыторый Украіны, калі гэта дазволіць спыніць вайну. 

Пры гэтым Пэтр Павел — адзін з найбольш перакананых і паслядоўных прыхільнікаў вайсковай падтрымкі Украіны ўсімі магчымымі спосабамі. Менавіта ён стаў ініцыятарам стварэння кааліцыі еўрапейскіх дзяржаў для закупкі на патрэбы Украіны боепрыпасаў у трэціх краін.

Прэзідэнт Чэхіі выказаўся пра ўмовы ўступлення Украіны ў НАТА

Прэзідэнт Чэхіі прапанаваў спосаб пачаць перамовы паміж Украінай і Расіяй

Прэзідэнт Чэхіі прапанаваў Украіне аддаць тэрыторыі ўзамен за мір

Прэзідэнт Чэхіі распавёў, калі прысутнасць войскаў НАТА ва Украіне не будзе парушаць міжнародныя нормы

Nashaniva.com