Расія заявіла, што падчас наступу УСУ ў Курскай вобласці загінулі 56 мірных жыхароў

Украіна адказала, што выконвае міжнароднае права.

23.09.2024 / 14:25

AP Photo

Міністэрства замежных спраў Расіі заявіла, што ў выніку ўкраінскага наступу ў Курскай вобласці загінулі прынамсі 56 мірных жыхароў, а 266 атрымалі раненні, піша Бі-бі-сі

Гэтыя звесткі адносяцца да перыяду да 20 верасня, а па стане на 5 верасня расійскае замежнапалітычнае ведамства заяўляла аб 31 загінулым мірным жыхары Курскай вобласці.

Па даных МЗС Расіі, з раёнаў, дзе ідуць баявыя дзеянні, з'ехалі 131 тысяч жыхароў. Масква таксама абвінаваціла Украіну ў тым, што не дае эвакуявацца некаторай колькасці мірных грамадзян, у тым ліку прыкладна 70-120 жыхароў горада Суджы, занятага УСУ.

У адказ на просьбу пракаментаваць гэтыя заявы прадстаўнік МЗС Украіны Георгій Ціхі сказаў агенцтву Reuters, што УСУ выконваюць міжнароднае гуманітарнае права і не наносяць удараў па мірным насельніцтве.

«З улікам таго, што Расія ўвесь час дае фальшывыя лічбы і займаецца прапагандай, няма ніякага спосабу праверыць гэтыя сцвярджэнні, — сказаў Ціхі. — Калі Расія хоча паказаць рэальную сітуацыю на месцы, яна можа даць доступ ААН і Чырвонаму Крыжу».

Наступ УСУ ў Курскай вобласці пачаўся ў жніўні.

Nashaniva.com