На поўначы Германіі падлетак скраў пасажырскі аўтобус і пратараніў больш за 20 аўтамабіляў

23.09.2024 / 13:55

Ілюстрацыйнае фота

У нядзелю 19-гадовы малады чалавек з горада Ітцэха (зямля Шлезвіг-Гольдштэйн) забраўся ў прыпаркаваны ля дэпо пасажырскі аўтобус. Ён сеў за руль і крануўся, аднак яго паездка працягвалася нядоўга — юнак страціў кантроль над кіраваннем і ўрэзаўся ў аўтамабілі, якія стаялі побач, піша Bild.

Усяго парушальнік пашкодзіў больш за 20 машын і канчаткова затрымаўся на паркоўцы гарадскога суда. Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.

Сам згоншчык распавёў паліцыянтам, што хацеў толькі пакатацца на аўтобусе і папрасіў не кваліфікаваць яго дзеянні як спробу скрасці гарадскі грамадскі транспарт. 

У мінулым месяцы аналагічны выпадак адбыўся ў Брэмене.

Там 15-гадовы падлетак прадставіўся начальніку аўтапарка стажорам з транспартнай кампаніі, а неўзабаве сеў за руль аўтобуса і нават забраў пасажыраў.

Неўзабаве пасля гэтага школьніка затрымалі, аднак праз некалькі дзён ён паўтарыў спробу сесці за руль аўтобуса ў Ніжняй Саксоніі. Па словах паліцэйскіх, такім чынам падлетак хацеў «рэалізаваць свой энтузіязм у дачыненні да транспартных сродкаў»

Nashaniva.com