Чалавек, які прыдумаў культавага Дзеда-Барадзеда, служыў боцманам на вайсковым караблі на Ціхаакіянскім флоце

«Уладзімер Арлоў неяк сказаў, што найлепшы твор Артура Вольскага — гэта сын Лявон. Ні ў якім разе не ставячы пад сумнеў заслугі Лявона, усё ж не пагаджуся», — пісаў Сяргей Навумчык. «Новы час» піша пра жыццё выбітнага беларуса, 100-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёння.

23.09.2024 / 08:48

«Першапраходзец ва ўсе часы»

Генадзь Бураўкін называў Артура Вольскага першапраходцам ва ўсе часы: адзін з першых патомных беларускіх пісьменнікаў, адзін з першых пасляваенных літаратараў, якія пачыналі мудра і даходліва гаварыць з юным чытачом, адзін з заснавальнікаў дзіцячага часопіса «Вясёлка».

Артур Вольскі

Падчас Другой сусветнай вайны служыў боцманам на вайсковым караблі Ціхаакіянскага флоту

Паэт Мікола Чарняўскі звярнуў увагу на чалавечыя якасці Артура Вольскага:

«Ён з дабрынёю і цеплынёю адносіўся да людзей рознага веку і ўсім стараўся дапамагчы.

Калі пачынаў гаворку з дзецьмі, прадстаўляўся боцманам. І гэта бянтэжыла хлопчыкаў і дзяўчынак, бо яны не ведалі, хто такі боцман. У дзяцей узнікаў інтарэс да асобы паэта. А ён гэты інтарэс задавольваў, потым пачынаў чытаць свае вершы з гумарам, якія носяць казачны і пазнавальны характар.

Паколькі ў гутарцы з Артурам Вольскім дзеці рабілі для сябе нейкія адкрыцці, гэтыя сустрэчы вельмі падабаліся хлопчыкам і дзяўчынкам. Я таксама вучыўся ў Артура Вольскага, як знаходзіць сцяжынку да дзіцячага сэрца, каб не было пустаты, а была нейкая думка, якая спадабаецца і будзе цікавая дзецям», — казаў Мікола Чарняўскі.

Пакаяўся і прызнаў памылковай сваю былую камуністычную ідэалогію

«Мой бацька за сваё жыцьцё пабыў у розных іпастасях: мічманам, боцманам на флёце (на вайне і пяць гадоў пасьля яе), заўлітам і дырэктарам тэатра, камуністам і вернікам.

Я шаную яго ў тым ліку і за тое, што ён пакаяўся і прызнаў памылковай сваю былую камуністычную ідэалёгію. Адкрыта сказаў: гэта была злачынная сыстэма, я жорстка памыляўся.

А ў нас жа ж прынята казаць іншае: ня трэба судзіць, а што было рабіць, час быў такі… Дык вось пакуль яны будуць вярзьці гэта сваімі шэрымі галасамі, час і будзе ТАКІ. Які мы цяпер маем», — пісаў Лявон Вольскі.

Але да таго вера Артура Вольскага ў камунізм была сапраўды адданай. Прынамсі такую выснову можна зрабіць з некаторых ягоных твораў:

«А з партбілета
пазірае Ленін.
Мы ўсю дарогу —
з ім,
пры ім,
за ім.
Ён для майго народа
стаў сумленнем.
Ён стаў навек сумленнем і маім».

 (Урывак з верша «Сумленне»)

 Аднак сам Артур Вольскі такую выснову ўсё ж абвяргае:

«Нічога мы не верылі, проста прыстасоўваліся. Маё пакаленне — амаль цалкам пакаленне прыстасаванцаў».

Дырэктар Тэатра юнага гледача, аўтар першай беларускай дзіцячай аперэты

 15 гадоў, пачынаючы з 1963-га, Артур Вольскі працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача — спачатку загадчыкам літаратурнай часткі, а затым дырэктарам.

 «А ў 1979 годзе п’еса-казка «Сцяпан — вялікі пан» была пакладзеная на музыку кампазітарам Юрыем Семянякам, і такім чынам з'явілася першая беларуская аперэта для дзяцей», — пісала Людміла Рублеўская.

Бацька «Дзеда-Барадзеда»

Менавіта спадар Артур у 1987 годзе прыдумаў улюбёнага персанажа «Калыханкі», таго самага «Дзеда-Барадзеда».

Я хаджу па белым свеце
І гляджу, як вы жывеце.
Калі трэба — памагу,
Бо я ўсё рабіць магу.
Хто я? Дзед-Барадзед,
Абышоў белы свет,
А цяпер у ціхі час
Завітаў да вас.

Адзін са стваральнікаў БНФ «Адраджэньне»

Гісторык Уладзімер Арлоў адзначаў:

«Многім калегам жыцьцё Вольскага падавалася ўва ўсіх сэнсах камфортным і бясхмарным. Аднак пад ягоным нацельнікам, што почасту выглядваў з-пад моднай кашулі, білася вялікае вольналюбівае сэрца, якое прывяло пісьменьніка ў кастрычніку 1988-га ў шэрагі стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне»

Вольскі ўваходзіў у склад некалькіх Соймаў БНФ, узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне вэтэранаў вайны. Некалькі разоў я быў сьведкам таго, як на апазыцыйных акцыях сваім уладным позіркам і зычным голасам спадар Артур спыняў і прымушаў адступаць чорныя шэрагі гэтых званых «ахоўнікаў правапарадку».

Адважны грамадскі дзеяч

Паэтка Раіса Баравікова назвала Артура Вольскага «наіўным рамантыкам і мудрым філосафам, адважным грамадскім дзеячам, які смела змагаўся за беларускую мову, за нацыянальную адметнасць і незалежнасць Беларусі».

Мікола Савіцкі, Анатоль Грыцкевіч, Артур Вольскі, Васіль Быкаў. Свята Аршанскай бітвы. 8 верасня 1992

З успамінаў Сяргея Навумчыка: «Тое, што сёньня мы называем Адраджэньнем канца 80-х — пачатку 90-х, якое дало беларусам магчымасьць хоць нейкі час дыхаць вольна і заклала падмурак беларускай дзяржаўнасьці, як і сама Незалежнасьць, — не звалілася «зь неба». Гэтага даводзілася дамагацца літаральна штодня, зусім невялікай купкай людзей, і складалі яны добра калі 1% насельніцтва. І сябра Сойму БНФ, кіраўнік арганізацыі дэмакратычных вэтэранаў (куды ўваходзіў і Васіль Быкаў) Артур Вольскі быў на чале гэтага штодзённага змаганьня».

Артур Вітальевіч быў з намі і на мітынгах, у любое надвор’е (ваяваў у марской пяхоце!). У часы Другой сусьветнай вайны Вольскі змагаўся з нацызмам, а ў канцы 80-х — 90-х змагаўся з імпэрцамі за беларускае нацыянальнае Адраджэньне».

Жорсткае збіццё справакавала развіццё анкалагічнай хваробы 

«Ягоны бацька Віталь, аўтар славутага «Несьцеркі», пражыў 87 гадоў, маці — 94. Такі генатып і магутнае здароўе абяцалі спадару Артуру доўгае жыцьцё», — пісаў Уладзімер Арлоў.

«Аднак умяшаўся выпадак. Зрэшты, гэтае слова выглядае тут недарэчным, бо ўсё было занадта падобна да загадзя сплянаванай акцыі.

Аднойчы пасьля вечаровага выступу ў школе Вольскага запыніла вялікая агрэсіўная кампанія. Яго ня проста жорстка зьбілі, але і распранулі, пакінуўшы непрытомным ляжаць на халоднай лістападаўскай зямлі. Перажыты тады шок, на думку мэдыкаў, і справакаваў анкалягічнае захворваньне…»

Артур Вольскі памёр у 2002 годзе, ва ўзросце 77 гадоў. Паэт пахаваны на Паўночных могілках.

Беларусь!
Узараную,
дымную,
у лістоце бяроз і дубоў —
абдымаю цябе,
неабдымную,
ты — багацце маё і любоў.

Артур Вольскі (1924 — 2002)

Nashaniva.com